«Кожны мае права на кампенсацыю». Пракурорскі начальнік абурыўся неабгрунтаванымі затрыманнямі беларусаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Ігар Сяўрук звярнуў увагу на некаторыя дзеянні следчых, у якіх ён бачыць парушэнне заканадаўства. Гаворка ідзе пра тое, што за апошнія гады следчыя затрымалі больш за 1500 чалавек, якіх у выніку прыйшлося вызваліць, а кожны з іх мае права на кампенсацыю, піша «Наша Ніва».

Ілюстратыўны здымак. Фота: prokuratura.gov.by
Ілюстратыўны здымак. Фота: prokuratura.gov.by

Яго артыкул «Некаторыя аспекты пракурорскага нагляду за законнасцю затрымання асоб у парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным законам» апублікаваны ў свежым нумары ведамаснага пракурорскага часопіса «Законнасць і правапарадак» (№ 1 за 2025 год).

«Колькасць затрыманых асоб, у дачыненні да якіх пасля крымінальны пераслед спыняецца па рэабілітуючых падставах, застаецца значнай. У 2022−2024 гадах іх доля ад агульнай колькасці затрыманых склала больш за 4% (звыш 500 чалавек штогод), прычым кожны з такіх затрыманых мае права на кампенсацыю шкоды, нанесенай дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс», — наракае Ігар Сяўрук.

Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі падазраваных па крымінальнай справе кідаюць у ізалятар, але ўрэшце не выстаўляюць абвінавачванне і іх справы ўвогуле не даходзяць да суда.

Зрэшт, у рэальным жыцці мала каму з іх удаецца атрымаць кампенсацыю.

Апроч таго, пракурор тлумачыць, што затрымліваць па «непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства» (а гэта ўніверсальная фармулёўка следчых) нельга направа і налева. Гэта норма закона прадугледжваецца толькі для канкрэтных выпадкаў — калі, напрыклад, чалавека злавілі на месцы злачынства альбо адразу пасля ператруса, падчас якога выявіліся важныя ўлікі.

«Не можа быць разгледжана як абгрунтаванае затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні асобы, якой праз значны час пасля завядзення ў дачыненні да яе крымінальнай справы і вытворчасці шэрагу следчых дзеянняў з яе ўдзелам падчас чарговага допыту паведамляюць, што яна затрымліваецца», — тлумачыць Сяўрук.

Таксама ён звяртае ўвагу, што следчыя няправільна пазначаюць у пратаколе месца і час фактычнага затрымання. Там павінна аказвацца не аддзяленне міліцыі, куды прывезлі чалавека і сталі афармляць, а канкрэтнае месца і канкрэтны час, дзе і калі яго схапілі на вуліцы ці ў памяшканні.

Заўвагі і рэкамендацыі пракурора Сеўрука не з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Гэта яго трактоўка заканадаўства, на якую ён хоча звярнуць увагу следчых і іншых пракурораў.