Мінулы тыдзень, без сумневу, увойдзе ў гісторыю беларускага валютнага рынку. Цягам некалькіх гандлёвых дзён удзельнікі рынку і ўсе, хто сочыць за ваганнямі абменнага курсу беларускай нацыянальнай валюты, трохі панерваваліся. Абменныя курсы даляра ЗША і расійскага рубля літаральна на вачах схадзілі на гадавыя максімумы/мінімумы і вярнуліся назад. Чаго чакаць ад курсаў валют у апошні тыдзень чэрвеня, чытайце ў штотыднёвым прагнозе Myfin.
Валютныя арэлі
Калі параўноўваць вынікі тыдня ад першага гандлёвага дня да апошняга, то змена курсаў зусім нязначная. Даляр ЗША ўмацаваўся да заканчэння пятніцы 21 чэрвеня на 0,82% і спыніўся на адзнацы USD/BYN 3,2257. Курс расійскага рубля за мінулы тыдзень таксама вырас на 1,71% і скончыў тыдзень на RUB/BYN 3,6459 за 100 расейскіх рублёў. Але вось дынаміка тыдня вартая ўвагі.
Даляр ЗША пачаў мінулы тыдзень з курсам USD/BYN 3,2005. У сераду, 19 чэрвеня, даляр пайшоў у піке да курсу USD/BYN 3,1599, і прасадка складала -1,24% за тыдзень. Але да заканчэння пятніцы зноў вырас да USD/BYN 3,2257.
Расійскі рубель у панядзелак, 17 чэрвеня, адкрываў таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы з курсам RUB/BYN 3,5864 за 100 расійскіх рублёў. У сераду і чацвер рубель падымаўся да максімуму года RUB/BYN 3,7577, і рост складаў на той момант +4,83%. Але ў пятніцу адбылася карэкцыя, і курс спыніўся на RUB/BYN 3,6459 за 100 расійскіх рублёў.
На расійскім пазабіржавым рынку за гэты ж час даляр ЗША ад пачатку тыдня на USD/RUB 89,007 схадзіў на мінімум USD/RUB 82,7504 і зноў вярнуўся да адзнакі 89,1283.
Прычынай такой высокай валацільнасці на ўнутраным валютным рынку лічаць абмежаванне на біржавы гандаль далярам ЗША і еўра, што і прывяло да такіх скокаў абменнага курсу. Не выключана, што гэта стане адной з прыкмет расійскага, а па сумяшчальніцтве і беларускага, валютных рынкаў цягам нейкага часу.
Распродаж валюты
Тым не менш некаторых фактараў, якія ўплываюць на фармаванне абменных курсаў, ніхто не адмяняў, і іх аналіз дапаможа нам зарыентавацца ў паводзінах нацыянальных валют.
Першы і асноўны — гэта фармаванне попыту і прапановы на расійскім валютным рынку. Паступленне замежнай валюты, уключаючы даляр ЗША і еўра, ідзе бесперабойна. Гэта дазволіла ўраду Расіі з 21 чэрвеня 2024 года знізіць планку абавязковага продажу замежнай валюты з 80% да 60%. Акрамя гэтага, Мінфін Расіі не выключае зніжэння аб’ёму продажу на валютным рынку кітайскага юаня ў рамках рэалізацыі бюджэтнага правіла.
Падтрымлівае расійскую валюту і камфортная цана нафты маркі Brent, што замацавалася вышэй за $ 85,50 за барэль. Акрамя таго, на гэтым тыдні праходзяць падатковыя выплаты, пік якіх прыпадзе на 28 чэрвеня. Такім чынам, перадумоваў для большага паслаблення курсу рубля не прадбачыцца, і не выключана, што на гэтым тыдні мы зноў будзем назіраць рэзкія ваганні курсаў валют.
Прагноз на тыдзень
На пазабіржавым рынку Форэкс гэты тыдзень абяцае быць адносна спакойным праз адсутнасць важных фінансавых навін і падзей. Даляр ЗША павольна, але ўпэўнена ўмацоўваецца да асноўных актываў. Індэкс даляра спрабуе выйсці да гадавога максімуму вышэй за 106,2 п.п. Цана унцыі золата наблізілася і будзе тэставаць узровень падтрымкі на 2300 USD/Oz. Асноўная валютная пара EUR/USD за мінулы тыдзень зніжалася да 1,0690, і не выключаны працяг трэнду да 1,0600.
Такім чынам, пры роўных умовах уплыву расійскага рынку і пазабіржавага рынку Форэкс на беларускіх таргах можна чакаць невялікага ўмацавання абменнага курсу даляра да USD/BYN 3,240. Расійскі рубель пры гэтым таксама можа застацца на верхніх пазіцыях каля RUB/BYN 3,700 за 100 расійскіх рублёў.