Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на нарадзе ў Лукашэнкі па пытаннях ваеннай бяспекі заявіў пра высокую імавернасць узброеных правакацый з боку Украіны, піша БЕЛТА.
«Становішча на паўднёвым аперацыйным кірунку застаецца напружаным. Фарміраванні Узброеных сіл і памежнай службы Украіны працягваюць удасканальваць сістэму аховы мяжы і элементаў эшаланаванай абароны. На ўсіх участках уздоўж дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь адзначаецца актыўная дзейнасць падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый і Службы бяспекі Украіны», — сказаў кіраўнік Мінабароны.
Паводле яго, з украінскага боку бесперапынна вядзецца разведка, для чаго актыўна выкарыстоўваюцца беспілотныя лётныя апараты, у тым ліку са спробамі парушэння паветранай прасторы Беларусі.
«Ва ўмовах прысутнасці ўкраінскіх узброеных фарміраванняў у памежных раёнах захоўваецца высокая імавернасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый, у тым ліку з задзейнічаннем беларускіх нацыяналістычных фарміраванняў», — падсумаваў Хрэнін.
Нагадаем, пра беспілотнікі, якія перасеклі паветраную мяжу, 10 жніўня на нарадзе ў Магілёўскай вобласці заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, гэта адбылося ўвечары 9 жніўня. Сілы СПА былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць і знішчылі некалькі цэляў.
«Мы падазраем, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама даў указанне Міністэрству абароны ўзмацніць групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках.
Доказаў таго, што беспілотнікі былі менавіта ўкраінскімі, ні Лукашэнка, ні Мінабароны не далі. Старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны па замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Меражко ў каментары «Люстэрку» адзначыў, што заява Аляксандра Лукашэнкі «не заслугоўвае даверу».
Пасля інцыдэнту беларускае МЗС выклікала паверанага ў справах Еўрапейскага саюза Стэна Нёрлава, каб паскардзіцца на «збітыя ўкраінскія беспілотнікі» і прыстрашыць пагрозай «сур'ёзнага пашырэння канфлікту на краіны ЕС». Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў 13 жніўня выступіў на мерапрыемстве Рады бяспекі ААН, дзе назваў меркаваны выпадак з украінскімі дронамі «надзвычай сур’ёзным інцыдэнтам, які можа прывесці да радыкальнай эскалацыі сітуацыі». Пазней улады Беларусі скіравалі старшыні Рады бяспекі ААН зварот з патрабаваннем «спыніць правакацыі Украіны» і паабяцалі дайсці да генеральнага сакратара арганізацыі.
Чытайце таксама