Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Рынак нерухомасці, відавочна, чакае новая рэальнасць. З чым гэта звязана і які прагноз у экспертаў
  2. В Беларуси дорожает автомобильное топливо. На этот раз не на копейку
  3. Военные аналитики: Украина начала вывод своих войск из Курской области
  4. Большасць людзей у свеце дыхае брудным паветрам. Нормам СААЗ адпавядаюць толькі сем краін
  5. Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад амбасадараў дзевяці краін. Хто ў спісе
  6. Карпянкоў патлумачыў, чаму дроны «часам падаюць на тэрыторыі Беларусі», — ясней не стала
  7. «Кароткая лаўка запасных». Спыталі ў экспертаў, чаму Лукашэнка зняў ранейшага прэм'ера Галоўчанку і прызначыў Турчына новым
  8. Аднаўленне ваеннай дапамогі, неадкладнае спыненне агню: пра што дамовіліся ЗША і Украіна на першай сустрэчы па міры
  9. КГК пожаловался Лукашенко на торговые сети, которые создают свои пекарни и конкурируют с хлебозаводами
  10. Сталіца Расіі зазнала самую маштабную атаку беспілотнікаў з пачатку вайны
  11. Стала вядома, хто здзейсніў маштабную кібератаку на X. Маск сцвярджаў, што сляды вядуць ва Украіну
  12. Гэты аналітык пяць гадоў таму прадказаў, што Турчына прызначаць прэм'ерам. Спыталі, ці стане ён пераемнікам Лукашэнкі
  13. «У нас іншага шляху не было». Пагаварылі з экс-сілавіком, які перасякаўся з генпракурорам Шведам і быў паранены на пратэстах 2020-га
  14. Кремль молчит, а СМИ не знают, как освещать — как в России Z-сообщество и пропаганда отреагировали на итоги встречи Украины и США
Читать по-русски


У ноч на 11 ліпеня ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр мастак, палітвязень Алесь Пушкін, які адбываў пяцігадовы тэрмін у калоніі. Гэта ўжо не першая смерць палітвязня ў Беларусі, аднак выкліканы навіной шок ад гэтага не стаў меншым. У розных гарадах Еўропы сёння правялі акцыі ў памяць пра Алеся Пушкіна, яго смерць абмяркоўваюць і ў сацсетках. Вось як адрэагавалі на трагедыю вядомыя людзі з Беларусі і іншых краін.

Алесь Пушкін. Фота: «Радыё Свабода»

Ціханоўская: «Людзі не павінныя паміраць у турмах»

Лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская адзначыла, што Беларусь страціла таленавітага і бясстрашнага чалавека.

— Алесь быў зняволены за сваю творчасць, якая была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа. Ён марыў пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. І нашая мэта — разам працягваць справу Алеся і наблізіць Беларусь яго мары. Прашу ўсіх, хто ведае нешта пра смерць Алеся, — перадайце інфармацыю яго жонцы, незалежным медыя ці праваабаронцам. Людзі не павінныя паміраць у турмах. Мы будзем даведвацца праўду, — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Палітык выказала свае спачуванні блізкім і сябрам Алеся Пушкіна:

— Кожная смерць палітзняволенага — адказнасць рэжыму і асабіста Лукашэнкі, які трымае іх у нечалавечых умовах. Зусім незразумела, як знайсці адказ на пытанне: колькі яшчэ павінна памерці людзей за кратамі, каб рэжым пачаў дыялог з грамадствам і вызваленне людзей з турмаў? Я выказваю шчырыя спачуванні жонцы Алеся, яго блізкім і сябрам. Памяць пра Алеся і яго творчасць застанецца з намі назаўжды.

Рада БНР: «Смерць Алеся Пушкіна з’яўляецца палітычным забойствам»

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі назвала гібель мастака «палітычным забойствам», за якое нясе непасрэдную адказнасць аўтарытарны рэжым у Беларусі і асабіста Аляксандр Лукашэнка.

«Як гэта рабілі савецкія акупанты ў найбольш змрочныя часы СССР, рэжым Аляксандра Лукашэнкі займаецца мэтанакіраваным знішчэннем беларускай культурніцкай эліты. Спыненне гэтага любымі магчымымі спосабамі з’яўляецца неабходным дзеля выжывання беларускага народа», — гаворыцца ў заяве.

Рада БНР выказала спачуванні блізкім Алеся Пушкіна, запатрабавала вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, а таксама пакарання вінаватых за іх пераслед.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч успомніў пра тое, як апошні раз сустрэўся з мастаком — гэта было падчас пратэстаў 2020 года:

— Апошні раз мы бачыліся з Алесем падчас аднаго з вераснёўскіх маршаў 2020-га. Сустрэліся выпадкова і прайшлі разам ад ГУМа да Палаца спорту. Алесь нёс у руках партрэт Каліноўскага.

Мы былі знаёмыя з 90-х. І чым даўжэй былі знаёмыя, тым радзей бачыліся і тым менш супадалі нашыя погляды. Адзіным, дзе паміж намі заўсёды была згода, былі беларуская мова і беларуская незалежнасць.

Паводле ўспамінаў пісьменніка, Алесь Пушкін быў неймаверна таленавітым, правакацыйным і смелым мастаком і добрым чалавекам:

— Такім для нас і застанецца. Астатняе ўжо не важна. Застанецца мастаком і чалавекам, якога забілі ў турме. Забіла гэтая ўлада. Яго забілі за мову, за талент і смеласць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін. І гэтае забойства дараваць нельга.

Палітык Павел Латушка:

— Колькі беларусаў мусіць памерці, перш чым будуць задзейнічаныя інструменты міжнароднай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам?

Музыка і шоумен Аляксандр Памідораў:

— Яшчэ адзін счарнелы дзень нашай гісторыі, нашай культуры, нашага мастацтва… Таго, што сваім жыццём, кроўю і воляй пісаў мастак, артыст Алесь Пушкін, без перабольшвання, забіты сёння ўначы… Гэта не нагадвае, гэта сапраўдная вайна.

Алесь пакінуў не тое каб запавет. Хутчэй прыклад, як захаваць сябе сумленным, вольным, свабодным, прынцыповым, шчырым ды смелым Чалавекам. Нават і ў тым, каб прынесці ў ахвяру самога сябе.

Музыка Піт Паўлаў:

— Алесь Пушкін. Нязломны барацьбіт, мастак, ваяр, сябра. Яны не зламалі яго, яны яго забілі. Нам належыць не забыцца, не дараваць. Вока за вока.

Палітык Анатоль Лябедзька:

— Ёсць усе падставы думаць і казаць пра чарговую ахвяру рэжыму, галоўнай матывацыяй якога з’яўляецца помста і страх.

Прадзюсар Уладзімір Максімкоў:

— Калі-небудзь у Беларусі замест помніка Пушкіну паставяць помнік Пушкіну.

Рэжысёр Мікалай Халезін:

— Не магу нічога напісаць. Не магу гэта прыняць. Не хачу ў гэта верыць. Вечная памяць.

Пісьменніца Сабіна Брыло:

— Пекла ўнутры Беларусі.

Сваякі палітвязняў Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай некалькі месяцаў не маюць пра іх ніякіх звестак.

Зміцер Дашкевіч, які адбыў поўны тэрмін, не выпушчаны з калоніі.

Алесь Пушкін, мастак, які сядзеў у гродзенскай турме, сёння ўначы памёр у рэанімацыі.

Медыяэксперт Серж Харытонаў:

— Мінулай ноччу беларускі мастак і палітвязень Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі пасля таго, як яго перавялі з турмы. Пушкін адбываў пяцігадовы тэрмін за карціну, напісаную ім 20 гадоў таму. Ён быў арыштаваны пасля таго, як прарасійская актывістка данесла пра ягоную творчасць сілавікам Лукашэнкі. Менавіта гэтая карціна каштавала жыцця беларускаму мастаку.

На сённяшні дзень у ізалятарах Лукашэнкі ў закладніках застаецца не менш за 1500 палітвязняў.

Пісьменніца Таццяна Заміроўская:

— Алесь памёр у рэанімацыі, куды яго даставілі пад вартай з гродзенскай турмы. Я хачу напісаць нешта яшчэ, але я не ведаю, што напісаць. Сумленная і смелая душа мастака цяпер вольная, а ўсе, хто яго забіў, трапяць у намаляванае ім пекла. Дзякуй за ўвагу, гэта было нешта невымоўнае пра сучаснае мастацтва ў Беларусі.

На смерць Алеся Пушкіна адгукнуліся і ў іншых краінах.

— Спустошаная смерцю ў турме Алеся Пушкіна, палітвязня і беларускага мастака. Мае думкі з яго сям’ёй і сябрамі, — адгукнулася Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч.

— Вядомы мастак Алесь Пушкін <…> стаў апошнім па ліку палітвязнем, які загінуў у жудасных умовах. Рэжым кожны дзень пазбаўляе Беларусь такога вялікага патэнцыялу і жыццёвай сілы, — пракаментавалі ў амбасадзе ЗША ў Беларусі.

— Мінулай ноччу ў Беларусі памёр чарговы палітычны зняволены. Алесь Пушкін быў мастаком, якога абвінавацілі ў «злачынстве» выяўлення дзеяча антысавецкага руху. Нашыя думкі прысвечаныя яго сям'і. У Беларусі налічваецца больш за 1500 палітычных зняволеных. Усе яны мусяць быць на волі, — напісаў у Twitter нямецкі дыпламат Матыяс Лютэнберг.

— Як паведамляе ягоная жонка, палітвязень Алесь Пушкін памёр у зняволенні пры нявысветленых абставінах. Выказваю глыбокія спачуванні яго блізкім і сябрам. Мы не можам ігнараваць жорсткасць беларускага рэжыму. Мы не здадзімся, пакуль не вызваляць усіх палітычных зняволеных, — пракаментаваў дэпутат бундэстага Робін Вагенер.

— Вясёлы, адкрыты, дапытлівы ў дачыненні да свету і людзей, сумленны, смелы і незалежны, адданы мастацтву і сваёй радзіме — Беларусі. Гэта вялікая, вялікая страта для ўсіх нас, — напісала пра Алеся Пушкіна польская журналістка і крытык Крыстына Ружаньска-Гаргалеўска.

Міністэрства культуры Беларусі і Саюз мастакоў, сябрам якога быў Алесь Пушкін, ніяк не адрэагавалі на ягоную смерць.