Сілавікі затрымалі старшую навуковую супрацоўніцу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Зарыну Канапацкую. Яе «пакаяльнае» відэа апублікаваў 10 кастрычніка набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Жанчына працавала ў аддзеле гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі.
— Я займалася выключна сваёй навуковай дзейнасцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію па тэматыцы пра беларускіх татараў. Вінаватая ў тым, што была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і знаёмілася з іх зместам, — прымусілі сказаць на камеру Зарыну.
Яе вымусілі таксама прызнацца ў падпісцы на бот «Перамога» і ў тым, што яна «знаходзілася побач з мітынгамі», фатаграфавалася на фоне «пратэснага натоўпу» і пратэснай сімволікі.
На сайце Інстытута гісторыі гаворыцца, што на пасадзе старшай навуковай супрацоўніцы Зарына Канапацкая працавала з верасня 2023 года. Вучонае званне дацэнта ёй прысвоілі ў 2011 годзе.
Зарына Канапацкая — аўтарка больш чым 100 навуковых прац, навучальных праграм і навучальных комплексаў для студэнтаў гістарычнага факультэта БДПУ і факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ.
Сфера яе навуковых інтарэсаў — нацыянальныя меншасці, рэлігіязнаўства, гісторыя, культура, рэлігія беларускіх татараў XIV-XXI, славянская пісьменнасць, лінгвістыка, стылістыка англійскай мовы.
Бацька Зарыны Канапацкай — Ібрагім Барысавіч — быў адным з лідараў татарскай дыяспары Беларусі. Як міжнародны пасол свету ён у 1999 годзе наведаў Лівію, у 2000 годзе — Чад, у 2001 годзе — Ірак, у 2004 годзе — Ерусалім. У 1993 годзе быў дэлегатам Першага з’езду Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Ібрагіма Барысавіча Канапацкага не стала 9 верасня 2005 года. У 2014 годзе на доме, дзе ён нарадзіўся, была ўсталяваная мемарыяльная дошка.
Чытайце таксама