«Люстэрка» — гэта не толькі тэксты і відэа, гэта яшчэ і каманда, якая кожны дзень працуе над сапраўднымі навінамі і важнымі гісторыямі. Часам рабіць гэта даводзіцца ў нечаканых умовах, часам — з камфортам, а часам — літаральна насуперак абставінам. Мы папрасілі журналістаў з нашай рэдакцыі расказаць пра самыя незвычайныя месцы і сітуацыі, у якіх ім даводзілася працаваць. Ніжэй — іх гісторыі.
Мы напісалі гэты тэкст, каб трохі з вамі пазнаёміцца — наколькі гэта магчыма ў 2024 годзе. Мы не называем імёнаў. Але хочам паказаць, што каманда «Люстэрка» — гэта жывыя людзі са сваімі гісторыямі, страхамі і адданасцю прафесіі.
І нам патрэбная вашая падтрымка. Калі ў вас ёсць магчымасць і вы знаходзіцеся не ў Беларусі, калі ласка, падпішыцеся на данаты «Люстэрку». Для выжывання нашага медыя вельмі важная фінансавая стабільнасць, і мы будзем вельмі радыя, калі вы зможаце зрабіць свой пасільны ўнёсак. Гэта дазволіць нам далей расказваць сапраўдныя навіны і важныя гісторыі.
Імёны герояў змененыя з меркаванняў бяспекі.
«Потым да мяне дайшло, што гэта быў выбух»
Журналістка Марыя 24 лютага 2022 года была ў Кіеве. Яна планавала эвакуявацца ў бяспечнейшае месца, але да ад’езду ў яе было некалькі гадзін. На заданне рэдакцыі яна пайшла на вуліцы гаварыць з украінцамі пра пачатую вайну.
— Было страшна, што на мяне абрынецца ўся нянавісць гэтых людзей за танкі і ракеты з Беларусі, — успамінае яна. — Было жудасна сорамна пачынаць гаварыць. Я магла хвілін дзесяць глядзець на натоўп пад крамай ці банкаматам і думаць, як падысці. Але тады яшчэ многія рэагавалі спакойна, а некаторым нібыта хацелася паскардзіцца, пазлавацца на ўсё гэта камусьці ўслых.
Гукі выбухаў 24 лютага чулі жыхары розных раёнаў сталіцы Украіны. Каля станцыі метро «Галасееўская» знайшлі збітую ракету, а кіяўляне зразумелі, што частка з пачутых гучных гукаў — праца СПА.
Марыя ўспамінае, што пачула выбух, калі брала інтэрв'ю ў пары. Тыя людзі ўцяклі, не адказаўшы на пытанне. А журналістка толькі пасля зразумела, што гэта быў за гук.
— Потым да мяне дайшло, што гэта быў выбух. Казалі, што прыляцела ў раёне Бравароў. Але страшна не было, бо гэта вельмі далёка. Калі не думаць, што там звалілася ракета, — звычайны гучны гук.
Марыя падкрэслівае, што яе калегам даводзілася працаваць і ў значна цяжэйшых умовах. Сама яна кажа, што ў той дзень ёй «не было чаго палохацца».
Гісторыя пра Украіну ёсць і ў журналісткі Крысціны. Ужо пасля пачатку вайны яна ехала ў краіну, каб падрыхтаваць рэпартаж адтуль. Перасякала мяжу ўначы — і яе не прапусцілі, нягледзячы на дазвольныя дакументы. Трэба было дачакацца раніцы і начальства ў Кіеве, якое зможа даць дабро.
Журналістка засталася ў зоне чакання пункта пропуску — і вырашыла папрацаваць адтуль.
— Я сядзела, працавала на лавачцы і размаўляла з беларусамі, якія трапілі дакладна ў такую самую сітуацыю, як я, — успамінае яна.
«Залезла ў гэтае смецце паміж пакетамі»
Журналістка Аксана аднойчы выйшла з дому на рэпартаж, а трапіла ў экстрэмальныя ўмовы. Гэта быў жнівень 2020 года, на вуліцах збіраліся людзі. Сілавікі рэзка пачалі разганяць пратэстоўцаў, тыя панесліся ўрассыпную — і Аксана рэфлекторна таксама пабегла.
— Побач ішла будоўля і стаялі вялікія сметніцы. Я шмыгнула ў завулак і заскочыла за кантэйнер на колах. І залезла ў гэтае смецце паміж пакетамі, — расказвае журналістка. — У цішыні я чула, як у дварах білі людзей, яны крычалі. Было вельмі страшна.
Аксана звязалася з рэдактаркай — проста з-за смеццевага бака. Тая паспрабавала супакоіць калегу. Пазней тая ўспамінала, што гэты званок стаў для яе адным з самых страшных у тыя дні.
— У выніку сілавікі ўцяклі назад, зацягнулі людзей у машыны, — успамінае Аксана. — Я выйшла, калі ўжо ўсё супакоілася і была цішыня. Выйшла ціхенька бокам і пабегла да іншых журналістаў.
«Стаяць гэтыя людзі ў балаклавах»
Журналіст Кірыл успамінае, як працаваў на мерапрыемстве з вельмі строгімі мерамі бяспекі. У Варшаве на адкрытай сустрэчы з камандзірамі палка Каліноўскага гасцей сустракалі два моцныя маладыя чалавекі ў балаклавах. Тэлефоны трэба было здаць на часовае захоўванне на ўваходзе.
Кірыл расказвае, што яму тады не дазволілі выкарыстаць смартфон для запісу гуку — нават з залепленай камерай. Правіла распаўсюджвалася на ўсіх, у тым ліку на журналістаў.
У выніку прадстаўнікі палка пагутарылі з зацікаўленымі беларусамі і журналістамі. Некаторыя пытанні дадаткова каментаваў Зянон Пазняк, які таксама прыйшоў на гэтую сустрэчу. А журналісту давялося абысціся без дыктафона і запісваць інфармацыю ў нататнік ад рукі.
Яшчэ адна гісторыя ад Кірыла — з паездкі Святланы Ціханоўскай у Варшаву. Палітык за некалькі дзён правяла перамовы з дзясяткам топавых чыноўнікаў Польшчы, уключаючы прэзідэнта Анджэя Дуду і міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага. Журналісту «Люстэрка» ўдалося далучыцца да дэлегацыі і стаць сведкам яе перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў.
Дэталь, якая запомнілася Кірылу, — паездка ў картэжы ў суправаджэнні паліцэйскіх машын з уключанымі пробліскавымі маячкамі. Такая дарога аказалася вельмі хуткай: шлях, які звычайна займаў 20 хвілін з улікам затораў, картэж праехаў усяго за пяць. Але сама паездка выклікала ў журналіста змяшаныя эмоцыі.
— Было пачуццё цікаўнасці, перамяшанай з няёмкасцю і сорамам. Хто я такі, каб ездзіць у машыне з мігалкай? Людзі стаяць у заторах, а я еду ў машыне, якую ўсе прапускаюць, — успамінае ён. — Але потым я пераадолеў гэтае пачуццё: я там, дзе я ёсць, няма чаго рабіць. Мігалка дык мігалка.
Дзякуй, што дачыталі! Нягледзячы на цяжкасці — вялікія і маленькія, — мы працягваем нашую працу, бо лічым яе важнай. Мы працуем ужо больш за два гады з адной мэтай: даць беларусам незалежную крыніцу інфармацыі, якая не дазволіць прапагандзе падмяніць рэальнасць.
Калі для вас гэта таксама важна і вы знаходзіцеся ў бяспецы — вы можаце ўвайсці ў кола патронаў рэдакцыі. Для нас важнае кожнае ахвяраванне. Дзякуем кожнаму, хто робіць унёсак у працяг працы праекта!
З меркаванняў вашай бяспекі мы просім не данаціць тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і Расіі. Усё пра бяспеку плацяжоў і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.