Днямі «Кіберпартызаны» апублікавалі аўдыёзапіс праслухоўкі двух сілавікоў. Тыя абмяркоўвалі, як можна выявіць аўтара «пратэсных» графіці, якія з’явіліся на вуліцах Салігорска вясной 2021 года. На той момант намеснік начальніка Салігорскага РАУС Вадзім Канапацкі прапанаваў выкарыстоўваць для пошуку базу «Маяк». Як працуе гэтая база і ці доўга ў ёй захоўваецца інфармацыя? Спыталі ў BELPOL.
Як расказаў «Люстэрку» прадстаўнік BELPOL, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Жыгар, база «Маяк» з’явілася ў сілавікоў даволі даўно. Як мінімум з 2016 года яна дазваляе без запыту да аператараў мабільнай сувязі атрымліваць інфармацыю пра тое, якія апараты і сім-карты знаходзяцца ў пэўным раёне. Як правіла, з дакладнасцю да кіламетра.
— «Маяк» дазваляе ідэнтыфікаваць абанентаў па нумары тэлефона, IMEI-кодзе (унікальны нумар кожнай мабільнай прылады. — Заўв. рэд.) і іншых параметрах, — працягвае Жыгар. — База дадзеных захоўвае гісторыю перасоўванняў мабільных прыладаў, што дазваляе адсочваць маршруты і высвятляць сувязі паміж асобамі. Інфармацыя захоўваецца, як правіла, 30 дзён.
Супрацоўнікі сілавых структур Беларусі маюць неабмежаваны доступ да гэтай базы. Каб даведацца, у якім месцы знаходзіўся мабільны тэлефон чалавека, які іх цікавіць, дастаткова проста зрабіць запыт у камп’ютарнай праграме. Санкцыя пракуратуры на гэта не патрэбная.
Наяўнасць у «Маяку» інфармацыі пра тое, што тэлефон у пэўны час знаходзіўся ў зоне дзеяння канкрэтных вышак сотавай сувязі, можа стаць падставай для прыцягнення яго ўладальніка да адказнасці. Ці можна гэтага пазбегнуць, напрыклад, пакінуўшы прыладу дома ці выключыўшы яе?
— Калі вы ідзяце некуды і не хочаце, каб пра гэта стала вядома сілавікам, то лепш наогул не браць з сабой тэлефон ці выключыць хаця б мабільную сувязь, — раіць Жыгар. — Можна пакінуць яго ўключаным дома. Тэарэтычна гэта можа стаць доказам вашага знаходжання ў пэўным месцы. Але хіба сёння мы гаворым пра законнасць у Беларусі? Наўрад ці гэта прывядзе да развалу крымінальнай справы, калі сілавікі ўжо вырашылі грунтоўна заняцца вамі.
Чытайце таксама