На мяжы Польшчы і Беларусі зноў з’явілася буферная зона. 13 чэрвеня ў 00.00 набыло моц распараджэнне, падпісанае кіраўніком МУС Польшчы Томашам Сямонякам, якое ўводзіць часовую забарону на знаходжанне на мяжы з Беларуссю.
Забарона ахоплівае ўчастак больш чым 60 кіламетраў уздоўж мяжы. На ўчастку 44 кіламетры забарона дзейнічае на адлегласці 200 метраў ад лініі мяжы, а на ўчастку 16 кіламетраў — прыкладна на два кіламетры ад мяжы.
Забарона знаходзіцца на памежнай тэрыторыі будзе дзейнічаць 90 дзён з магчымасцю падаўжэння.
Як адзначылі ў МУС Польшчы, плошча забароненай зоны «не ўключае населеных пунктаў і пешаходных маршрутаў, каб наступствы ўведзеных абмежаванняў былі як мага менш цяжкімі для жыхароў, турыстаў і іншых асобаў, якія ажыццяўляюць прафесійную дзейнасць».
Нагадаем, у канцы траўня на польска-беларускай мяжы адбылося некалькі інцыдэнтаў з нападамі на супрацоўнікаў Памежнай службы Польшчы, адзін з іх праз некалькі дзён памёр.
Пра эскалацыю Варшава вырашыла вярнуць на мяжы з Беларуссю 200-метровую буферную зону, куды забаронена заходзіць староннім, — такая зона ўжо дзейнічала ў пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021−2022 гадах.
Як тлумачыў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, увядзенне буфернай зоны зноў дапаможа ўскладніць нелегальную перапраўку мігрантаў праз польска-беларускую мяжу і стварыць лепшыя ўмовы для працы польскіх памежных службаў.
Буферная зона мусіла з’явіцца на мяжы ўжо 4 чэрвеня, аднак яе ўвядзенне адклалі на некалькі дзён, каб параіцца з мясцовымі ўладамі, адміністрацыяй польскай часткі Белавежскага нацыянальнага парку і грамадскімі арганізацыямі.