На мяжы з Беларуссю Польшча мае дачыненне не з мігрантамі, якія спрабуюць атрымаць прытулак у Еўрасаюзе, а з «ордамі бандытаў», заявіў 26 чэрвеня ў Сейме польскі віцэ-прэм'ер — міністр нацыянальнай абароны Уладыслаў Касіняк-Камыш, піша «Позiрк».
Кіраўнік вайсковага ведамства прадставіў у сераду, 26 чэрвеня, у парламенце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеянні арміі, паліцыі і памежнай службы ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы.
Паводле Касіняка-Камыша, нелегалы «нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць польскіх салдат і афіцэраў», яны «падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму».
«Гэта найвышэйшы ўзровень гібрыднай вайны, скіраванай супраць Рэспублікі Польшча, найвышэйшы ўзровень гэтай вайны, скіраванай сёння супраць бяспекі польскай дзяржавы», — сказаў ён.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў 22 чэрвеня, што Варшава разглядае магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў у сувязі з дзеяннямі Беларусі.
Нагадаем, у апошнія тыдні сітуацыя з мігрантамі на польска-беларускай мяжы пагоршылася. Колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы зноў вырасла, а ў канцы траўня адбылося некалькі інцыдэнтаў з нападамі на супрацоўнікаў Памежнай службы Польшчы. Адзін з пацярпелых, польскі салдат, які патруляваў мяжу, праз некалькі дзён пасля нападу памёр.
Праз эскалацыю Варшава вырашыла вярнуць на мяжы з Беларуссю 200-метровую буферную зону, куды забаронена заходзіць староннім, — такая зона ўжо дзейнічала ў пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы ў 2021−2022 гадах. Акрамя таго, улады Польшчы задумаліся пра закрыццё двух апошніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.
Крызіс узнік на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 года. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл». З таго часу патокі мігрантаў амаль бесперапынна атакуюць мяжу ЕС.