«Адчуваю сябе іншай. Але шчаслівай». Аляксандра Герасіменя — пра тое, як змянілася за тры гады пасля жніўня-2020
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Адной з тых, чыё жыццё кардынальна змянілася пасля 9 жніўня 2020-га, стала знакамітая Аляксандра Герасіменя. Трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў па плаванні пасля выбараў выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, а потым ёй давялося з’ехаць з краіны. У эміграцыі яна ўзначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (які пакінула ў красавіку 2022-га), сустрэла вайну ва Украіне, а таксама перажыла расстанне з мужам Яўгенам Цуркіным. Але ўсе гэтыя падзеі, кажа Аляксандра, зрабілі яе мацнейшай. Ніжэй — інтэрв'ю Герасімені, якая сёння вучыць людзей плаванню ў Варшаве, пра тое, як яна змянілася за гэтыя тры гады.

Александра Герасименя. Фото: Instagram-аккаунт собеседницы
Аляксандра Герасіменя. Фота: акаўнт суразмоўніцы ў Instagram

«Людзі падняліся і выйшлі разам»

— Якія асацыяцыі ў вас выклікае 9 жніўня 2020-га?

— Мяне тады не было ў Беларусі. Адпачывала з сям’ёй у Чарнагорыі. Спачатку былі думкі адкласці паездку, каб схадзіць прагаласаваць. Але ў выніку вырашылі нічога не мяняць. З’ехалі прыкладна за тыдзень да 9 жніўня, а вярнуліся дзён праз 5−6 пасля выбараў. Таму мае асацыяцыі больш звязаныя з наступнымі падзеямі. А так, вядома, памятаю, што 9-га амаль не было сувязі з роднымі і сябрамі ў Беларусі — не ўдавалася сачыць за сітуацыяй у краіне.

— У дэмакратычнай Беларусі вы б святкавалі гэты дзень ці зрабілі б жалобным у памяць пра ўсіх, хто прайшоў праз рэпрэсіі?

— Святкаваць мы будзем, калі ўсе вернемся дадому. Так што Дзень Памяці, вядома. Бо з 9 жніўня пачаліся шматлікія пакуты людзей, арышты, гвалт, смерці. Гэта не можа быць свята з гулянкамі і феерверкамі. Так, людзі сабраліся, з’ядналіся з добрымі думкамі і надзеяй на перамены. Але боль, які нельга забываць, пераважвае.

— Ці змяніліся вашыя каштоўнасці пасля 9 жніўня?

— Не. Думаю, яны ўжо былі закладзеныя ўва мне. Разумела, што важнае ў гэтым жыцці, а што другараднае. Проста, напэўна, лішні раз паверыла ў свае прынцыпы. Я б і раней, і пазней зрабіла б аналагічным чынам, калі б падобныя падзеі ў Беларусі мелі месца. То-бок у 2020-м у мяне не было сумневаў, гаварыць ці маўчаць, рабіць ці сядзець дома.

— У які момант вы вырашылі, што далей адступаць няма куды?

— Перад выбарамі, напэўна, яшчэ не было такой усвядомленасці. Я выказвалася і раней, але не бачыла сэнсу рабіць нешта яшчэ. А ў 2020-м людзі падняліся і выйшлі разам. Гэта быў важны паказчык, што народ хоча пераменаў. Нас шмат. Значыць, трэба дзейнічаць не толькі на словах.

«Не наракаю на лёс»

— Калі б працягвалі кар’еру да 9 жніўня 2020-га, не выключаеце, што, магчыма, адрэагавалі б не так востра?

— Крыху разважала пра гэта. Як бы зрабіла, што казала б… Магчыма, я б не паехала ў Літву і не ўзначаліла Фонд спартыўнай салідарнасці. Але ў любым выпадку маўчаць бы не стала і далучылася б да свабодных спартоўцаў. Як можна закрываць вочы, калі адбываецца такое ў роднай краіне? Напэўна пазіцыя адбілася б на кар’еры. Нават цікава, якім чынам. Усё ж я была адной са спартовак, на якіх разлічвалі на Алімпійскіх гульнях.

— Вы сталі мацнейшай як асоба пасля 2020-га?

— Наогул вельмі моцна змянілася за гэтыя тры гады. Тыя абставіны, цяжкасці і расчараванні, якія даводзілася пераадольваць, не зрабілі мяне злейшай. Абсалютна не наракаю на лёс. Наадварот: прыняла філасофію, што ўсё, што б ні адбывалася ў жыцці, трэба менавіта мне. І трэба прайсці гэты шлях з пакорай, каб стаць лепшай, а не крыўдлівейшай і агрэсіўнейшай. Таму, азірнуўшыся, адчуваю сябе іншай. Але шчаслівай. Калі б я не зрабіла свой выбар тры гады таму, то не адчувала б цяпер радасці ад атрыманага досведу.

— Чалавек наогул здольны расці ў камфортным асяроддзі?

— Магчыма. Але не бывае цяжкасцяў, якія мы не здольныя пераадолець. Тут ёсць аналогіі са спортам. Атлет практычна кожны дзень трэніруецца на максімуме сваіх магчымасцяў. Часта трэба трываць боль. Проста ўстаць ранняй раніцай і скокнуць у халодны басейн — ужо выхад з зоны камфорту. Але менавіта гэта прыводзіць да пэўнага ўдасканалення, асобаснага росту пры пазітыўным стаўленні да сітуацыі. А вось калі загразнуць у негатыве, пастаянна капацца ў сабе, задавацца пытаннем, чаму на мяне зваліліся ўсе няшчасці, то ўсё скончыцца дэпрэсіяй. Я выбіраю не пазіцыю ахвяры, а шлях развіцця праз дыскамфорт.

«Спартоўцы заўсёды нечым рызыкуюць»

— Чаго ніколі не прабачыце яшчэ дзейнай уладзе?

— Нічога нельга забываць. Спадзяюся, што будзе сапраўдны суд над Лукашэнкам, дзе дэталёва разбяруць кожны выпадак катаванняў, гвалту і забойства над усімі нявіннымі людзьмі. Не мне вырашаць наконт пакарання, але такі публічны працэс мусіць быць. Зрэшты, калі народ вырашыць інакш, то не збіраюся гэтаму перашкаджаць. Трэба адказваць за ўсё зробленае. І Лукашэнка, безумоўна, адкажа. Як і тыя, хто сёння ва ўладзе і здзяйсняе злачынствы, выдатна ведаючы наступствы.

— Калі вы выходзілі на пратэсты, а ваш былы муж заставаўся дома, гэта было цяжкім рашэннем?

— Лічыла грамадзянскім абавязкам выказаць сваю пазіцыю. Адчувала салідарнасць і далучанасць да ўсіх людзей, якія не маўчалі і ўдзельнічалі ў пратэстах. Падтрымаць народ было важна перш за ўсё для майго сумлення. А муж быў у Гомелі, трэніраваўся і паспяваў забіраць дзіця. З дачкой не хадзіла б на маршы.

— Ці было страшна падчас пратэстаў?

— Тады не было такой жэсці, як у першыя дні пасля выбараў. Але ўжо пачыналіся разгоны, і момантамі станавілася непамысна. Аднак жаданне быць разам з людзьмі, якія выступілі за перамены, пераважала. Ведаеце, спартоўцы заўсёды нечым рызыкуюць — інакш перамогі не пабачыш. У тым выпадку вынікі апраўдвалі рызыку.

Александра Герасименя. Фото: Instagram-аккаунт собеседницы
Аляксандра Герасіменя. Фота: акаўнт суразмоўніцы ў Instagram

«Расстанне было ўзаемным рашэннем»

— Пасля выбараў у вас адабралі школу плавання, дом. Вы прадалі медалі з Алімпійскіх гульняў і змянілі тры краіны. А што набылі за тры гады?

— Добрае пытанне. Набыла значна больш, чым страціла. Па-першае, прасеялася кола знаёмых. Усе, на каго, скажам так, ускладала надзеі, засталіся са мной. Ніхто не падвёў. Па-другое, з’явіліся новыя сапраўдныя сябры, якія дапамагаюць і дапамагалі ўвесь час. Гэта блізкія па духу людзі, з якімі няма забароненых тэмаў. Па-трэцяе, паўтаруся, прайшла вялікі шлях і стала іншым чалавекам. Гэта выдатны досвед, за што я ўдзячная лёсу. Нават не ўяўляю, што жыццё магло павярнуцца інакш. Цяпер бачу сваю будучыню значна выразней, чым некалькі гадоў таму.

— А сям’я? Задумваліся пра тое, што калі б вы не прайшлі праз пераезд, не сутыкнуліся з вайной, то маглі б быць шчаслівыя ў Мінску?

— Пад такім вуглом не глядзела на сітуацыю — маўляў, рэжым зрабіў мне горш. Расстанне з Яўгенам (Яўген Цуркін — вядомы беларускі плывец, удзельнік трох Алімпійскіх гульняў. — Заўв. рэд.) было ўзаемным рашэннем. Мы многае вытрымалі, вядома. Але нашыя адносіны не сталі іншымі. Проста ўбачылі прабелы раней. Напэўна, добра, што гэта здарылася на гэтым этапе, а не праз некалькі гадоў, калі магло назбірацца больш узаемных прэтэнзій. Вырашылі мірна разысціся, каб кожны здолеў яшчэ пабудаваць асабістае жыццё і быць шчаслівым. А за папярэднія прыемныя моманты, упэўненая, будзем удзячныя адно аднаму. Гэтага не перакрэсліць.

— Які пазітыў яшчэ вылучыце за гэтыя тры гады?

— Напрыклад, вялікі плюс для нашай дачкі Сафіі (у верасні дзяўчынцы споўніцца пяць гадоў. — Заўв. рэд.), што яна пабывала ў розных краінах, вучыць замежныя мовы. Гэта вельмі важна для яе светапогляду, развіцця. Як мінімум, Сафія атрымала еўрапейскі досвед навучання ў дзіцячым садку. Яна будзе разумець, што такое свабода, правы чалавека, як можна абараніць сябе.

Што да мяне, то, займаючыся з людзьмі плаваннем, пашырыла прафесійны досвед. Хапае матэрыялу, каб стварыць метадычку для трэнераў. Маю на ўвазе разбор памылак у плаванні, спосабы іх выпраўлення. Вось толькі пакуль часу няма на пісаніну.

«Мне не трэба, каб дзеці ганарыліся мной. Хачу толькі ад іх учынкаў па сумленні, а не дзеля выгады»

— Кім больш за ўсё захапляецеся з беларусаў, якія выказалі пазіцыю пасля 9 жніўня 2020-га?

— Не стала б рабіць акцэнт на кімсьці адным. Мяне парадавалі ўсе беларусы, якія выйшлі і выказалі грамадзянскую пазіцыю, якія змагаліся да апошняга. Сустракаю за мяжой шмат нашых людзей. Яны не здаюцца, а, напрыклад, ствараюць бізнесы з нуля. Тыя ж прадпрымальнікі падымаюцца з каленяў, робяць сваю справу і не жаляцца. Радуе і салідарнасць беларусаў. Думаю, яна нікуды не знікне. Вядома, давер апошнім часам падае да ўсіх фондаў, штабоў. Але простыя людзі па-ранейшаму разлічваюць адно на аднаго.

— Што вам сёння дае надзею, калі яна засталася, што ўсё будзе добра?

— Надзея, безумоўна, ёсць. Разумею, што і Беларусі, і Украіне трэба было прайсці праз усе гэтыя падзеі — нават самыя страшныя. Упэўненая, што ўсё было запланаванае звыш, каб нацыя стала мацнейшай. Нашая — дык дакладна. Беларусы нарэшце з’ядналіся і пачалі ідэнтыфікаваць сябе: размаўляць на беларускай мове, больш цікавіцца культурай, слухаць родную музыку. Прычым робяць гэта па сваім жаданні, а не па ўказцы зверху. Беларусы, знаходзячыся за мяжой, ганарацца тым, адкуль яны. І гэта людзі (можа, не ўсе, але касцяк), якія хочуць падарожнічаць, набірацца досведу, а потым вярнуцца дадому і прыносіць краіне карысць. Галоўнае, каб да ўлады прыйшлі годныя.

— Вы нядаўна казалі: «Спартовец — гэта больш, чым проста ногі-рукі, трэніраванае цела. Для мяне гэта чалавек, які здольны і нават мусіць быць прыкладам для астатніх». Пасля аповеду дачцэ пра ўсе падзеі ў Беларусі, думаеце, яна будзе ганарыцца вамі?

— Ёсць такі выраз, што трэба выхоўваць сябе, а не дзяцей. Так яны праз нас нібыта здабудуць гэты свет. Мне не трэба, каб дзеці ганарыліся мной. Хачу толькі ад іх учынкаў па сумленні, а не дзеля выгады. Пакажу на сваім прыкладзе. Радуе, што мне будзе пра што расказаць дзецям, калі яны вырастуць, і за гэта не сорамна.

Чытайце таксама