«Бульба-мані» і пастаянныя натоўпы. Салігарчанін выправіўся ў самы вялікі горад нашай планеты і дзеліцца ўражаннямі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аляксандр Гойшык

Аляксандр Гойшык працягвае кругасветку. У мінулым выпуску сваіх дзённікаў на «Люстэрку» ён расказваў пра кітайскі горад Ханчжоу, які мясцовыя называюць раем на зямлі. А цяпер скіраваўся ў Шанхай — самы буйны горад у свеце. Вось яго ўражанні.

Аляксандр Гойшык у Шанхаі. Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў
Аляксандр Гойшык у Шанхаі, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Шанхай з філіпінскім акцэнтам і душэўны беларускі спам так далёка ад дома

Пасля прыемных беларускіх выходных у таварыстве землякоў настаў час працягваць сваё падарожжа па Паднябеснай. Наступны горад на маім шляху — агромісты Шанхай, самы населены горад света. Па дадзеных на 2022 год, тут жыве амаль 26,9 млн чалавек. Гэта амаль утрая больш, чым у Беларусі, а па плошчы ён настолькі ж большы за мой родны Салігорски раён.

Там мяне ўжо чакаў хост з Філіпінаў, які працуе настаўнікам англійскай мовы. Дарэчы, філіпінскіх экспатаў на сваім шляху я буду сустракаць даволі часта. У гэтай краіне англійская з’яўляецца дзяржаўнай мовай, дзякуючы гэтаму філіпінцы працуюць па ўсім свеце, як і выхадцы з Індыі ці Пакістана. Мне заўжды сустракаліся прыемныя людзі з Філіпінаў. А ў нашага беларуса, у якога я быў у гасцях на навагодняй вечарыне ў Аўстраліі, нават жонка адтуль. Трохі шкадую, што абмінуў гэтую краіну ў сваім цяперашнім падарожжы. Але ж мая ідэя палягае на тым, каб ехаць вакол света максімальна па зямлі, карыстаючыся пералётамі, толькі калі кантынент ужо скончыўся, як гэта было ў Патагоніі, напрыклад. Таму астраўныя Філіпіны выпалі з майго маршрута, таксама як і Карэя з Японіяй.

Хост Браян і ягоныя гадаванцы, два каты і сабака, сустрэлі мяне як старога сябра. Мы шмат размаўлялі, яму было вельмі цікава даведацца як мага больш пра Усходнюю Еўропу агулам і Беларусь у прыватнасці. Я быў першым беларусам, якога ён сустрэў у сваім жыцці. Ён прызнаўся, што раней нават не ведаў, што такая краіна існуе, таму шмат распытваў пра нашыя традыцыі, гісторыю, адметнасць, пра дыктатуру і жахлівую сітуацыю з правамі чалавека, пра вайну ў нас пад бокам. Часам бываюць такія сітуацыі, што табе з земляком даволі цяжка паразумецца (пра што я пісаў у мінулай серыі), а з замежнікам, які родам з супрацьлеглай часткі планеты, агульная мова знаходзіцца з лёгкасцю. Мы замовілі смачнай кітайскай ежы і прагаварылі ўвесь вечар.

Аляксандр Гойшык і хост з Філіпін Браян. Шанхай, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў
Аляксандр Гойшык і хост з Філіпін Браян. Шанхай, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Жонка Браяна брытанка, якая таксама жыве і працуе ў Шанхаі. Яна была на вакацыях дома ў Брыстолі. А ён, каб не сумаваць, прымаў падарожнікаў праз платформу каўчсёрфінга. Пара ўжо сем гадоў у Кітаі. Ім пачынае паступова надакучваць. Таму задумваюцца аб пераездзе, вось жонка паляцела ў Вялікабрытанію шукаць працу. Ён нібыта не супраць пераезду, але ёсць адно вялікае але — там для яго вельмі халодна. Столькі незвычайных людзей можна сустрэць у падарожжы, столькі лёсаў і гісторый жыцця. Вось таму я і кажу, што менавіта людзі — самая цікавая частка майго падарожжа.

Дарэчы пра людзей. Знаёмыя скінулі мне запрашэнне ў беларускую суполку Шанхая ў WeChat. Гэта галоўны кітайскі мэсэнджэр, сацсетка і плацёжная сістэма ў адным, асноўная альтэрнатыва ўсім заблакаваным заходнім аналагам, кшталту Instagram і Facebook, да якіх мы так звыклі. Дык вось, дадаўся я ў тую суполку, і мне вельмі хутка прыходзіць прыватнае паведамленне, маўляў, пабачыў вас у нашай суполцы, рады пазнаёміцца і прадставіць вам свае паслугі, абмен валютаў «Бульба-мані», а яшчэ ў дадатак «Карго БульбаТранзіт». Я, вядома, пасмяяўся ад душы, такі душэўны беларускі спам так далёка ад дома, але правяраць якасць бульба-паслуг неяк не захацеў.

Шанхай, Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
Шанхай, Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Мы настолькі добра пасябравалі з Браянам, што ён нават прапанаваў мне экскурсію па горадзе. Такое здараецца вельмі рэдка, звычайна ўсе занятыя сваімі справамі. Апошні хост паказваў мне свой горад ажно ў Малайзіі. У Шанхаі шмат чаго можна паглядзець. Адно з самых папулярных месцаў — суперсучасны дзелавы раён і ягоная панарама з супрацьлеглага берага ракі Хуанпу, якая ўпадае ў знакамітую Янцзы недалёка ад горада.

Шанхай, Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
Шанхай, Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Узбярэжная Вайтань — адна з галоўных візітовак Шанхая, панарамы, якія з яе адкрываюцца, бачыў па тэлебачанні, напэўна, кожны з нас. Дарэчы, саму раку можна пераплыць на гарадскім пароме, які інтэграваны ў сістэму грамадскага транспарта, гэта каштуе 0,3 долара (крыху больш за адзін беларускі рубель. — Заўв. рэд.). Адна праблема — туды набіваецца мільён людзей, якія гатовыя лезці па галовах, каб заняць лепшае месца і нарабіць прыгожых фотак. Дарэчы, гэта яшчэ адна адметнасць азіятаў агулам — рабіць проста тысячы фотак абсалютна паўсюдна.

Галоўная гандлёвая вуліца Шанхая нечым нагадала мне Таймс-сквер у Нью-Йорку, а прыгожы стары прыгарад Кібао трохі падобны да Хаяна — в’етнамскай Венецыі.

Кібао, прыгарад Шанхая, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
1 из 3
Кібао, прыгарад Шанхая, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Але паўсюль вельмі шмат людзей, гэта насамрэч стамляе. Пад канец дня Браян быў так стомлены, што дадому мы вярталіся на таксі — бо ў метро яшчэ больш людзей. Як сказаў мой хост, такая вялікая і паўсюдная шматлюднасць — адзін з фактараў, чаму з часам экспаты задумваюцца аб пераездзе з Кітая.

Вечары «для тых каму за 50» па-кітайску і самая свяшчэнная гара Паднябеснай

Некалькі дзён у прыемнай кампаніі ў Шанхаі праляцелі незаўважна, час рухацца далей. У прыгожым гістарычным гарадку Янчжоў (ну, як гарадку, усяго 4,5 млн жыхароў, нават метро няма) мяне чакалі хосты-экспаты з Ірана. Дзве гадзіны хуткасным цягніком — і я на месцы. Пасля Шанхая тут ужо адчуваецца пэўная правінцыйнасць, і нібыта нават менш людзей. Рэза і Захра працуюць даследчыкамі ў мясцовым універсітэце, часам прымаюць рэдкіх падарожнікаў, хто заяжджае ў Янчжоў. Кажуць, што таксама хочуць з’ехаць з Кітая некуды на Захад. На жаль, з іранскім пашпартам зрабіць гэта вельмі складана, але яны не адчайваюцца і шукаюць розныя праграмы для навукоўцаў па ўсім свеце.

Вулачкі Янчжоў, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
1 из 1
Вулачкі Янчжоў, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Вельмі цікавыя і прыемныя людзі, спецыяльна для мяне прыгатавалі традыцыйную іранскую вячэру. А таксама павезлі паказваць гістарычны цэнтр. Там я ўпершыню ў Кітаі пабачыў мясцовых тыктокераў, якія вялі стрымы, спявалі і танчылі ў жывым эфіры. Выглядала гэта ўсё даволі крынжова, улічваючы, што ані спяваць, ані танчыць яны асабліва не ўмелі. Але гэта нібыта карыстаецца шалёнай папулярнасцю ў кітайскім інтэрнэце. Карацей, рубрыка «Іх норавы».

Зоркі Тиктока ў Янчжоу. Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
Зоркі TikTok ў Янчжоў, Кітай, ліпень 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Стары горад даволі прыгожы, але падобны на іншыя такія месцы ў Кітаі. Пабачыў тут сапраўдную дыскатэку «каму за 50», дзе пад жывую музыку вельмі прыгожа танчылі пенсіянеры. Прычым не толькі традыцыйныя кітайскія танцы, што можна пабачыць ледзьве не ў кожным парку, а нават нешта сучаснае. Усе прыгожа і стылёва апранутыя, атмасфера сапраўднага свята суботнім вечарам.

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  
Дарэчы, на наступны дзень каля самага вялікага тут гандлёвага цэнтра я назіраў сапраўднае спаборніцтва розных танцавальных груп, у кожнай з якіх была свая музыка, уніформа і галоўны чырлідэр. Гэтыя групы спрабавалі заглушыць адна адну і прыцягнуць увагу мінакоў, відовішча неверагоднае!

0:00/ 0:00
В ЭФИРЕКачество480p  СкоростьОбычная  
Тут жа ў гістарычным цэнтры пабачыў краму «подарки из России», якая гандлявала стандартным наборам «гарэлка-балайка-матрошка», ну і яшчэ трохі расійскімі кандытарскімі вырабамі. На маё здзіўленне, гэты асартымент карыстаецца неблагім попытам у мясцовых пакупнікоў.

На наступны дзень мае хосты выдалі мне свой электраскутэр, паказалі на мапе, што яшчэ цікавага я магу паглядзець у Янчжоў, і сказалі паездзіць самому, бо ў іх нейкія справы. Так што я яшчэ самастойна паездзіў па горадзе, паглядзеў прыгожыя паркі з рознымі буддыйскімі і даасісцкімі святынямі (даасізм — традыцыйнае кітайскае вучэнне, якое спалучае элементы рэлігіі і філасофіі).

На свяшчэнную гару даасізма акурат і ляжаў мой далейшы шлях. Гара Тайшань, адна з пяці свяшчэнных для гэтага традыцыйнага кітайскага вучэння. Яна месціцца за 500 кіламетраў ад Янчжоў. Сем гадзін звычайным цягніком — і я на месцы, у горадзе Таянь.

Хостэл непадалёк ад гары каштаваў мне чатыры долары. Ён быў надзіва чысты і цывільны (а не тое «Акрэсціна», у якое я патрапіў у Ганконгу). Там я сустрэў маладога немца, які прапанаваў мне заўтра разам падняцца на гару.

У Кітаі гара Тайшань асацыюецца з усходам сонца, нараджэннем, абнаўленнем. Храм на вяршыні гары — мэта шматлікіх паломнікаў на працягу 3000 гадоў. Гэта адна з самых папулярных гор для кітайцаў. Падняцца яе можна па лесвіцы з 7200 каменных прыступак.

Уздым на гару Тайшань. Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка
Уздым на гару Тайшань, Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка

Як аказалася, гэта зусім нялёгкі трэкінг, які займае ўвесь дзень. Пачалі пад’ём з немцам, аднак даволі хутка я зразумеў, што ў нас розныя тэмпы, і далей пайшоў адзін пад музыку ў навушніках. Усе ж па гарах я люблю хадзіць сам насам з прыемнай музыкай, гэтаму мяне навучыла Швейцарыя. Краявіды навокал — неверагоднай прыгажосці, шматлікія храмы і статуі, крыніцы і вадаспады.

Уздым на гару Тайшань. Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка
Уздым на гару Тайшань, Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка

Але мільён чалавек на кожным кроку, якія нават тут жыць не могуць без сваёй локшыны, а таксама шматлікія гандляры, шум і галас трохі псавалі агульнае ўражанне. Нібыта стараешся гэтага не заўважаць і не звяртаць увагі, але пад канец дня моцна выматваешся.

На вяршыні гары Тайшань. Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка
На вяршыні гары Тайшань, Кітай, лета 2024 года. Фота: архіў Аляксандра Гойшыка

Ну і фізічная стомленасць ад пад’ёму на 1500 м і спуску пасля таксама дала знаць. Таму наступны дзень я адпачываў да самага вечара, калі ў мяне быў цягнік у Пекін, дзе ўжо чакалі нашыя беларусы.

Кэмпінг на Вялікай Сцяне і галоўны кітайскі кашмар

Наступны дзень пачаўся з кепскай навіны — перастала працаваць мая турыстычная сімка, падключаная на месяц на самым пачатку падарожжа па Паднябеснай. Так я зразумеў, што ўжо вандрую па КНР роўна месяц, а таксама іншымі вачыма паглядзеў на кітайцаў, якія так баяцца разраджанага тэлефона.

Без інтэрнэта падарожжа па Кітаі раптам паратвараецца ў цэлы квэст. Па дарозе на цягнік вырашыў паспрабаваць наведаць офіс China Telecom — галоўнага мабільнага аператара Кітая, дзе я падключаў сваю сім-карту. Там, канешне ж, ніхто не размаўляў па-англійску, але хаця б раздалі вай-фай, каб я мог паспрабаваць растлумачыць сваю праблему праз перакладчык на тэлефоне. Зразумеўшы, ў чым сутнасць, мне сказалі, што нічым не могуць дапамагчы і мне трэба купляць новую сім-карту. Але ў гэтым офісе яны не абслугоўваюць замежнікаў, мне трэба ехаць у галоўны. Карацей, «не дуры ты нам галавы, лаовай». Я насамрэч і думаў, што прыблізна так будзе, але дзеля спартовага інтарэсу вырашыў усё ж паспрабаваць. Не пракаціла, трэба шукаць нейкі іншы варыянт.

Чыгуначны вакзал Пекіна. Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка.
Чыгуначны вакзал Пекіна, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

У гэты момант я атрымаў паведамленне ад кітайскай чыгункі, што адзін з цягнікоў, якім я меўся ехаць да Пекіна, адмяняецца, таму мне прапануюць іншую перасадку з даўжэйшым часам чакання. Але ж трэба наведаць касу на мясцовым вакзале, дзе мне дадуць новы квіток. Дзякуй богу, у той касе адна з касірак магла тры словы звязаць па-англійску, яна замяніла мне квіток і ўнесла мае дадзеныя ў сістэму. Замест дзесяці гадзін да сталіцы маё падарожжа расцягнулася на трынаццаць.

Я напісаў беларусам, якія чакалі мяне ў Пекіне, што буду пазней і што ў мяне няма сувязі. — Ніякіх праблемаў, прыязджай, калі зможаш, мы чакаем. З вакзала сядай на метро да такой-та станцыі, адтуль прагуляешся хвілін пятнаццаць да гэтага адраса, — адпісаліся яны.

Так я і зрабіў, а калі ўжо быў пад домам, папрасіў мінака патэлефанаваць сябрам, мяне выйшлі і сустрэлі. У-у-у-х, дабраўся, амаль без прыгодаў нават!

Аня са Смаргоні прыехала ў Пекін працаваць перад самым кавідам, сустрэла тут хлопца, закахалася ды так і засталася. Мы былі знаёмыя на Facebook. Калі я збіраўся ў сталіцу Паднябеснай, напісаў ёй пра сябе і сваё падарожжа, яна хутка адказала, канечне, прыязджай, будзем радыя цябе прыняць. І сапраўды, прымалі мяне як дарагога госця. Нават на традыцыйны кітайскі масаж (пра які я расказваў у мінулай серыі) мяне павезлі ў першы ж дзень. А яшчэ яе хлопец прынёс мне сімку, якую падключыў на сваё імя, таму яе не адключаць яшчэ праз месяц. А я ў сваю чаргу прывёз ім у падарунак пачак рагачоўскай згушчонкі ад беларусаў Нінбо. Кругазварот беларускай гасціннасці!

Дранік-Паці ў Пекіне. Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
Дранік-паці ў Пекіне, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Для Ані і яе кітайскіх сяброў я па сваёй традыцыі зладзіў дранік-паці з мачанкай, усе былі ў захапленні. Галоўным нумарам маёй пекінскай праграмы павінна было стаць наведванне Вялікай Кітайскай сцяны, па магчымасці з начлегам на ёй. Я чытаў, што гэта магчыма, ёсць асобныя нетурыстычныя ўчасткі, дзе можна заночыць у намёце. Але трэба дапамога мясцовых, самому туды трапіць даволі цяжка. Распытаў маіх новых сяброў, дзе і як гэта можна зрабіць, яны трохі параіліся і вырашылі ехаць са мной, маўляў, табе самому будзе складана гэта зрабіць, а мы ўжо там былі і ахвотна зганяем яшчэ разок.

Мы арандавалі машыну, узялі намёты, правіянт для пікніка і вырушылі на сцяну. Ужо па дарозе зразумеў: адзін я наўрад ці б туды дабраўся, настолькі там глухія мясціны, і наколькі мне пашчасціла патрапіць у госці да адпаведных людзей. Гэта было, напэўна, адна з самых цікавых для мяне прыгод за ўсё падарожжа, уся сцяна была нібыта толькі для нас.

Великая китайская стена. Лето 2024 года. Фото: личный архив Александра Гойшика
Вялікая Кітайская сцяна, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Фантастычнай прыгажосці заход сонца і світанак, неверагодная энергетыка ўсяго месца. Такія казачныя сны мне сніліся ў тую ноч, гэта нешта неверагоднае! Каб патрапіць сюды, іншыя падарожнікі плацяць вялікія грошы за тур, а мне сусвет падарыў настолькі добрых людзей, што ўся паездка не каштавала мне амаль нічога. Гэта быў найлепшы падарунак на мой будучы дзень народзінаў, уражанні застануцца са мной на ўсё жыццё! І ўсё дзякуючы нашым беларусам.

Вялікая Кітайская сцяна. Лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
1 из 2
Вялікая Кітайская сцяна. Лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Пасля настолькі ўдалых выходных мы вярнуліся ў Пекін, дзе я правеў яшчэ два дні, гуляючы па галоўных турыстычных месцах кітайскай сталіцы. Я быў у гэтым горадзе дзевяць гадоў таму, цікава было параўнаць свае ўражанні тады і цяпер.

Аня з хлопцам жывуць у цікавым раёне ў цэнтры Пекіна, які будавалі савецкія спецыялісты, таму ён трохі нагадваў мне Кіеў. Незвычайнае такое пачуццё, калі ты гуляеш сярод сталінак, а каля крамы сядзіць кітайскі жабрак, які збірае міласціну пры дапамозе QR-кода. Станцыі метро ў гэтай частцы горада таксама нагадваюць падземку ў постсавецкіх краінах, з такімі ж мазаікамі часоў сацрэалізма. Выходзіш з метро — і тут жа станцыя пракату сучасных ровараў, якія можна арэндаваць у два клікі ў тэлефоне, каб даехаць куды табе трэба.

Пекін, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка
1 из 7
Пекін, Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка

Наведаў таксама знакаміты Забаронены горад, самы вялікі палацавы комплекс на свеце, рэзідэнцыю кітайскіх імператараў на працягу пяцісот гадоў. Вельмі прыгожае месца, аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Аднак, як і напэўна ўсё ў Кітаі, занадта турыстычнае.

Забаронены горад. Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка ​
Забаронены горад. Кітай, лета 2024 года. Фота: асабісты архіў Аляксандра Гойшыка ​

Я пачаў заўважаць, што стамляюся ад пастаянных натоўпаў. Настаў час развітвацца з Паднябеснай. Наступная краіна на маім шляху — таямнічая Манголія. І вось чаго, а натоўпаў там не будзе, я ўпэўнены. Пра свае прыгоды ў гэтай краіне качэўнікаў раскажу далей.