«Увесь час марнавала на лячэнне букету хваробаў». Беларуска павялічыла грудзі і пашкадавала — давялося вяртаць усё як было
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Беларуска Валерыя зрабіла мамапластыку, але неўзабаве пасля аперацыі пачаліся праблемы са здароўем — цэлая чарада невытлумачальных сімптомаў. Тады жанчына наважылася цалкам выдаліць імпланты і пачала адчуваць сябе нашмат лепш. Сваю гісторыю яна расказала «Гомельскай праўдзе».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com/stefamerpik
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com/stefamerpik

Шэсць гадоў таму Валерыя вырашыла зрабіць аперацыю па павелічэнні грудзей — яна разлічвала, што гэта станоўча паўплывае на яе выгляд, павысіць упэўненасць у сабе і палепшыць адносіны з мужам.

Аперацыю яна зрабіла ў 2018 годзе за мяжой, усё прайшло без ускладненняў, і жанчына засталася задаволеная вынікам: яна хутка аднавілася і вярнулася да паўсядзённага жыцця:

— Першы час 295 мл новых грудзей выклікалі ў мяне сапраўднае захапленне. Але ўжо праз месяц на свой новы адбітак у люстэрку я перастала глядзець з захапленнем. Стала не да таго.

У Валерыі пачаліся праблемы са здароўем. Узніклі моцныя галаўныя болі, якія не паддаваліся дыягностыцы, а потым з’явіліся і іншыя сімптомы: парушэнні ў працы страўнікава-кішэчнага тракту, праблемы з мачавым пухіром, частыя цыстыты, выпадзенне валасоў, высыпанні на скуры.

— Абследавалася, хадзіла нават да псіхатэрапеўта, які пераконваў, што ўсе мае праблемы са здароўем носяць функцыянальны характар, бо нават дбайнае абследаванне не выявіла арганічных парушэнняў, якімі можна было б растлумачыць сімптомы, — успамінае беларуска.

Паводле яе, тады яна ўвесь час «марнавала на лячэнне свайго букету хваробаў»:

— З аднаго аддзялення мяне пераводзілі ў іншае, потым некалькі месяцаў была дома і зноў трапляла ў бальніцу.

У 2021 годзе жанчына даведалася пра адкліканне пэўнай серыі грудных імплантаў — менавіта таго вытворцы, чыю прадукцыю паставілі ёй. Тады яна прыняла рашэнне выдаліць імпланты. Новая аперацыя прайшла па методыцы «эксплант» — з выдаленнем імплантаў разам з капсулай. Ужо праз два тыдні беларуска пачала адчуваць сябе лепш.

— Без імплантаў жыву ўжо тры гады. На жаль, мае грудзі пачалі выглядаць значна горш, чым да першай аперацыі: з’явілася асіметрыя, бачныя гарызантальныя і вертыкальныя швы, памер стаў меншы за мой прыродны. Але цяпер я адчуваю сябе абсалютна здаровым чалавекам, і гэта самае важнае, — адзначае Валерыя.

Паводле яе, да аперацыі яна прайшла поўнае медыцынскае абследаванне і была здаровая. Жанчына лічыць, што менавіта імпланты выклікалі пагаршэнне стану. Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага дыягназу «хвароба грудных імплантаў», яна спасылаецца на існаванне мноства падобных гісторый.

— У складзе некаторых імплантаў ёсць цяжкія металы і нейратаксіны. У маім выпадку ў арганізме была высокая канцэнтрацыя свінцу, праз што ў мяне «паляцела» ўся гарманальная сістэма, з’явіліся аўтаімунныя захворванні, — сцвярджае беларуска.

Чытайце таксама