Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  2. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  3. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
  4. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  5. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  6. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  7. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  8. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  9. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  10. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  11. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  12. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  13. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  14. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
Читать по-русски


Валерия Федоренко

Пасля з’яўлення ў ваенных карэспандэнтаў, у тэлеграм-каналах і СМІ «ліста марскіх пехацінцаў губернатару Прымор’я» разгарэліся спрэчкі. Фэйк ці сапраўдны? Ці праўда, што ў Паўлаўцы 155-я брыгада марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту нясе велізарныя страты праз бяздарнае камандаванне? У Мінабароны, вядома, адразу ўсё абверглі. Губернатар Кажамяка трапіў у няёмкае становішча, з якога выкруціўся, даслаўшы паведамленне «кампетэнтным органам і ў ваенную пракуратуру для высвятлення сітуацыі».

Фото: Reuters
Фота: Reuters

Карэспандэнт «Новой-Европа» расказвае, чым адметная гэтая брыгада, чаму байцы пішуць не каму-небудзь, а Кажамяку, і што думаюць шараговыя вайскоўцы пра ліст і тое, што адбываецца на фронце.

Кантэкст

Ліст апублікавалі многія ваенныя карэспандэнты і блогеры. У ім ад імя марпехаў 155-й брыгады марской пяхоты ЦАФ расказваецца пра вялікія страты часткі падчас наступу на Паўлаўку: «За 4 дні каля 300 чалавек забітымі, параненымі і зніклымі без вестак. 50 працэнтаў тэхнікі». Адказнасць за тое, што адбываецца, аўтары ліста ўскладаюць на генерала Рустама Мурадава, які з 7 кастрычніка камандуе Усходняй ваеннай акругай, і камандуючага берагавымі войскамі Сухраба Ахмедава і сцвярджаюць, што тыя хаваюць сапраўдныя маштабы стратаў, плануюць баявыя дзеянні дзеля сваіх дакладаў і ўзнагарод, а людзей называюць «мясам». Таксама ў лісце сцвярджаецца, што Мурадава «крышуе» начальнік Генштаба, генерал арміі Валерый Герасімаў. «Як яны сабраліся захопліваць населены пункт праскочыўшы праз пасадкі ў якіх застаўся праціўнік які цяпер знішчае нашых на шляхах эвакуацыі параненых і падвозу боепрыпасаў. Акрамя таго Паўлаўка ніжэйшая за Вуглядар з якога лупяць па нас», — гаворыцца ў лісце (цытуем без правак).

Аўтары звяртаюцца асабіста да губернатара Прымор’я Алега Кажамякі і да прыморцаў. Губернатара просяць данесці сітуацыю да Пуціна з тым, каб на месца адправілі для высвятлення абставінаў незалежную камісію, а не людзей з Міністэрства абароны.

Губернатар Прымор’я пракаментаваў ліст па-езуіцку: сказаў, што накіраваў зварот «кампетэнтным органам і ў ваенную пракуратуру для высвятлення сітуацыі. Не выключана, што гэта ўкід з боку праціўніка — украінскіх спецслужбаў». Потым Кажамяка выклаў відэа з палігона, дзе паведаміў, што звязаўся з камандзірамі, і тыя сказалі, што страты ёсць, але не такія цяжкія. Паабяцаў дапамагаць сем’ям загінулых.

Адразу пасля з’яўлення гэтага ліста яго апублікавала і пракаментавала мноства ваенных карэспандэнтаў і блогераў. Большасць з іх, у тым ліку тыя, хто рэальна знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў, не выказваюць сумневу ў тым, што напісанае — праўда і абстаноўка вельмі складаная.

«Пра сітуацыю ў Паўлаўцы наверх талдычаць ужо некалькі дзён, а кроў усё льецца і льецца», — напісаў карэспандэнт ВГТРК Аляксандр Сладкоў.

У Мінабароны заявілі, што 155-я брыгада марской пяхоты ЦАФ больш за дзесяць дзён вядзе «эфектыўныя наступальныя дзеянні» на Вуглядарскім напрамку і прасунулася да пяці кіламетраў у глыбіню абарончых пазіцый УСУ. А «за кошт прафесійных дзеянняў камандзіраў падраздзяленняў страты марпехаў за гэты перыяд не перавышаюць 1% баявога складу і 7% параненымі, значная частка якіх ужо вярнулася ў строй».

Ваенкар з Прымор’я Аляксей Суконкін (у дадзены момант знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў) пацвярджае, што баі ідуць кровапралітныя, камандаванне непрафесійнае, а страты сапраўды такія, як кажуць, нават зыходзячы з заявы Мінабароны. Цытуем: «Паводле „афіцыйнай заявы“ МА, 155 брыгада ў баях за Паўлаўку страціла забітымі 1% ад штатнага складу і параненымі 7%. Нічога не сказана пра зніклых без вестак, а яны ёсць.

Прыкладны штат брыгады — каля 3500 вайскоўцаў; гэта не сакрэт, інфармацыя ёсць у адкрытым друку.

1% — гэта 35 чалавек.

7% — гэта 245 чалавек.

Усяго — 280.

Плюс не названыя ў „афіцыйнай заяве“ Мінабароны зніклыя без вестак (іх Мінабароны, прашу заўважыць, ніколі не лічыла ні ў адной сваёй заяве аб стратах).

Атрымліваюцца тыя самыя 300, пра якія пішацца ў лісце.

Дзе тут фэйк?

Пры гэтым пра 40-ю брыгаду ў „афіцыйным паведамленні“ няма ні слова. А яна там ваюе нароўні са 155-й…»

Дзеля пацверджання таго, што з брыгадай усё добра, у тэлеграм-канале Кажамякі выкладзеныя тры відэаролікі, на якіх, як сцвярджаецца, марпехі і «тыгры» расказваюць пра сітуацыю ў Паўлаўцы. Аднак яны нібыта нічога не абвяргаюць. Адны кажуць: «Так, у Паўлаўцы справы цяжкія, баі ідуць цяжкія. Ёсць страты, забітыя, параненыя…» Іншыя пацвярджаюць: «Атрад строй трымае, брыгада ваюе. На жаль, ёсць страты, іх мінімізуем. Але гэта вайна, супраць нас таксама не пацаны ваююць, такія ж салдаты, як і мы».

Што гэта за брыгада?

155-я асобная гвардзейская брыгада марской пяхоты (в/ч 30 926) — узорна-паказальная элітная частка, гэта адно з найлепшых у Расіі вайсковых падраздзяленняў. Размяшчаецца яна ва Уладзівастоку і ў пасёлку Славянка. У брыгадзе пастаянна праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, вайскоўцы ўдзельнічаюць у святкаванні Дня ВМФ, флоцкія спартоўцы перамагаюць у спаборніцтвах нават міжнароднага ўзроўню.

155-я брыгада — правапераемніца 55-й дывізіі марской пяхоты ЦАФ, створанай 1 снежня 1968 года (тады адносіны СССР і Кітая абвастрыліся, а праз год здарыўся канфлікт на Даманскім) з удзелам галоўнакамандуючага ВМФ СССР адмірала Гаршкова.

Байцы ўдзельнічалі ў больш чым паўсотні войнаў і лакальных канфліктаў па ўсім свеце.

Падчас Першай чачэнскай вайны медалі і ордэны атрымала больш чым 2500 прыморскіх марпехаў, 63 байцы загінулі, пяцярым пасмяротна нададзеныя званні Герояў Расійскай Федэрацыі.

«Два палкі дывізіі ўзнагароджаныя (у 1972 і 1990 гг.) вымпелам МА СССР „За мужнасць, вайсковую доблесць і высокую марскую вывучку“», — гаворыцца на ваенным партале flot.ru. З 2009 года дывізія рэарганізаваная ў 155-ю брыгаду. 28 сакавіка 2022 года Уладзімір Пуцін прысвоіў брыгадзе ганаровае найменне «гвардзейская».

Марскія пехацінцы ваююць ва Украіне з самага пачатку так званай спецаперацыі. Губернатар Прымор’я афіцыйна ні разу не абвясціў, што хто-небудзь з краю загінуў падчас СВА. Але ва Уладзівастоку, у мясцовым Доме афіцэраў флоту, часта праходзяць развітанні з вайскоўцамі, а на марскіх могілках з’явіліся новыя магілы.

На базе 155-й брыгады фармуецца і навучаецца атрад «Тыгр», ад якога на спецаперацыю ўжо адправілі некалькі частак.

Чаму звяртаюцца да Кажамякі?

Губернатар Прымор’я Алег Кажамяка з першых месяцаў, калі не сказаць дзён, вайны дэманструе сваю ўцягнутасць у жыццё марпехаў і добраахвотнікаў. Ён адным з першых сярод кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў у канцы красавіка паехаў у Марыупаль з дапамогай (лаяльныя тэлеграм-каналы пішуць, што «гуманітарнай»), потым быў на перадавой у траўні (неўзабаве ў сацсетках з’явілася відэа, дзе ён у касцы, бронекамізэльцы і з аўтаматам едзе ў машыне з байцамі, а яны дзякуюць яму за падарункі і падтрымку) і яшчэ некалькі разоў.

Кажамяка пастаянна дэманструе поўную падтрымку СВА ў сацсетках, асабіста курыруе ўсе сацыяльныя праграмы, аж да льготных умоваў падчас паступлення ў ВНУ для мабілізаваных і выплаты вайскоўцам і іх сем’ям. Нядаўна губернатар абвясціў пра пачатак вытворчасці беспілотных лётных апаратаў на прадпрыемствах Прымор’я і пра тое, што «студэнты нашых ВНУ ўжо робяць такія апараты. Да канца месяца пабудуюць 100 штук» (ва ўрадзе Прымор’я не далі пра гэта нават найменшай канкрэтызавальнай інфармацыі). Урад арганізоўвае збор дапамогі для мабілізаваных, кадравых вайскоўцаў, чыноўнікі пералічваюць частку свайго заробку на патрэбы войска, увесь край у адзіным парыве вяжа шкарпэткі для мабілізаваных. На палігоне ў марскіх пехацінцаў і «тыграў» губернатар бывае ледзь не кожны тыдзень, сам надзявае камуфляж, страляе.

Вядома, што сын Алега Кажамякі Мікіта праходзіў тэрміновую службу ў брыгадзе марской пяхоты. На дадзены момант ён не з’яўляецца кантрактнікам, мабілізаваным або добраахвотнікам.

Жыцці матросаў за рэгаліі генералаў

Карэспандэнтка «Новой-Европа» пагутарыла з вайскоўцам дэсантна-штурмавога батальёна 155-й гвардзейскай асобнай брыгады марской пяхоты. Ён з шараговага складу, сам пабываў на вайне, мае раненне. Імя і званне гэтага чалавека вядомыя рэдакцыі. Публікуем яго адказы на пытанні з мінімальнымі скарачэннямі, у тым ліку ў інтарэсах бяспекі, і цэнзурнымі праўкамі.

Суразмоўца лічыць, што ліст марпехаў — не ўкід, і адзначае, што сумневу ў сапраўднасці дакумента няма ні ў аднаго яго знаёмага калегі.

«Хто пісаў канкрэтна з тых, хто знаходзіцца ў зоне СВА, сказаць не магу. Піша шараговы склад. Чаму губернатару? Таму што калі пісаць, як прынята ў войску, па сістэме лесвіцы (камандзіру ўзвода, роты, брыгады і гэтак далей) — нічога ў выніку не пойдзе. З першапачатковага складу, хто ехаў яшчэ на вучэнні ў Беларусь, з маёй роты засталося не больш за сем чалавек. Сам я з’ехаў па раненні.

Калі б гэта наўпрост прачытаў Пуцін, то было б усё нашмат прасцей. У лісце пазначаны Герасімаў, у Мінабароны дакладна няма сэнсу адпраўляць, а паколкькі брыгада прыморская, то хлопцы спадзяюцца на дапамогу губернатара, які нібыта ўзяў нас пад крыло.

Канкрэтна — адбываецца плата жыццямі матросаў за ўзнагароды і рэгаліі генералаў. Усе, хто прыняў рашэнне сысці з войска па парушэнні ўмоваў кантракта, спасылаліся на камандаванне. Ніхто не хацеў ісці ў бой з такімі камандзірамі. Камандзір для салдата мусіць быць прыкладам, бацькам. Дзейныя камандзіры не такія. Яркі прыклад майго таварыша […]. Калі ён прыехаў другі раз на СВА, то ад камандзіра брыгады атрымаў адкрыта негатыўна мацюкальнае выказванне: маўляў, вы тут не патрэбныя.

Што да Паўлаўкі. Неспрыяльныя ўмовы надвор’я, метад вядзення вайны састарэў, недавер камандзіраў да асабовага складу […]. За ўвесь час СВА ў маёй роце згарэў усяго адзін БТР, а цяпер галаву нядобрыя думкі наведваюць. Зрэшты, у ваенкараў таксама ёсць падрабязны разбор наступу на Паўлаўку».

Умовы пражывання і экіпіроўка

«Скажу, як было ў лютым-красавіку. Жылі альбо ў тэхніцы, альбо ў акопах. Цяпер, па словах тых, хто вярнуўся, сітуацыя аналагічная.

У першыя дні было шмат параненых. У пачатку сакавіка мы вялікія страты панеслі ў Машчуне. І ў тэхніцы, і ў асабовым складзе. З майго аддзялення засталося тры чалавекі пасля баёў у ім. Хлопцаў з пасёлка чакалі каля трох дзён, выпаўзалі мокрыя і знясіленыя, цягнулі параненых на сабе. Камандаванне не паверыла разведцы і абвінаваціла нас у баязлівасці і хлусні.

У самым пачатку ехалі па-статутнаму. З тэхнікай было не ўсё добра яшчэ тады. Асабіста на маім БТР не было электрапрывада кіравання вежай па гарызанталі. Цяпер шмат гуманітарнай дапамогі, шмат нестатутных зручных рэчаў. Атрымліваюць ужо непасрэдна на месцы. А мабілізаваных бачыў у старых бронекамізэльках і з АК старога пакалення. Зрэшты, гэтая зброя таксама добрая, на маю думку.

Людзі куплялі зручныя нестатутныя бронекамізэлькі і разгрузкі. Зручны абутак, які не націрае і ў якім не будзе холадна. Запасныя камплекты тэрмабялізны, шкарпэтак. Спальныя мяшкі. Прадметы асабістай гігіены, само сабой. Сувязі па тэлефоне часцяком няма, на месцах цяпер знаходзяць украінскія сімкарты тыпу „Кіеўстар“, і з іх раздаюць інтэрнэт.

Памятаю, я званіў па спецыяльным тэлефоне, які ўсталявалі ў раёне канцэнтрацыі. Іх было ўсяго пяць, і толькі адзін — у распараджэнні хлопцаў. Ці ёсць цяпер такія, я не ведаю».

Стаўленне камандавання і губернатара

«У камандзіраў — недавер да асабовага складу. «Мяса, расходны матэрыял» — гэта па факце. «Мы ж марская пяхота, мы суперлюдзі і ўсё можам» — на словах. Так думаю не толькі я. Яшчэ ў пачатку мы зразумелі, што ў паперах, якія ідуць наверх, у нас усё добра. Што мы ўсё ўзялі і страты мінімальныя, але па факце было ўсё зусім не так.

Губернатар дапамагае, тут усё ў парадку. Гуманітарнай дапамогі дастаткова. З баявымі выплатамі, што ідуць з Масквы, таксама ўсё добра. А наконт заробкаў, што ідуць ужо з Уладзівастока, — гэта больш індывідуальная праблема, якая з’явілася яшчэ да СВА.

Губернатарскую выплату за раненне я атрымаць не магу праз адсутнасць ацэнкі цяжкасці ранення (так вырашылі ў шпіталі Уладзівастока) і складанасць атрымання некаторых даведак у штабе брыгады.

Дакладнай лічбы не назаву, скажу, што вельмі многія датэрмінова разарвалі кантракт. У ваенных білетах ставілі пячатку: «дэзерцір», «схільны да здрады». Хтосьці наогул пакідаў сілавыя структуры, хтосьці сыходзіў у іншыя. Паспрабую прыкінуць прыкладна: больш за палову дывізіёна ГСАДн (гаўбіцавы самаходны артылерыйскі дывізіён. — Заўв. рэд.), каля паловы з майго батальёна. З’язджалі проста з перадавой, спрабавалі пакінуць рапарт пра адмову.

Наконт камандзіраў чуў такія моманты. Мой таварыш другі раз паехаў на СВА, прыбыў у пункт дыслакацыі брыгады. Камандзір брыгады палкоўнік [Міхаіл] Гудкоў, не саромеючыся ў выразах, выказаў, што яны тут не патрэбныя і наогул «горшыя людзі». Тады магчымасць дазваляла, і таварыш паехаў назад ва Уладзівасток.

Бацька майго камандзіра ўзвода адправіў радыёстанцыі і пасылкі, якія збіралі сваякі вайскоўцаў. Першапачаткова ўсё прыйшло да камандзіра брыгады палкоўніка Гудкова. На хвілінку: камандны пункт за 40 кіламетраў ад лініі фронту, пакуль хлопцы гінуць пад агнём варожай артылерыі. Але забралі толькі пасылкі, а радыёстанцыі камандзір брыгады разам з камандуючым берагавымі войскамі палкоўнікам Ахмедавым прысвоілі сабе. Давялося разбірацца бацьку гэтага камандзіра ўзвода, які таксама, наколькі я ведаю, не апошняя фігура ў Мінабароны.

Невялікі эпізод з камандуючым берагавымі войскамі палкоўнікам Ахмедавым. Хлопцы знаходзяцца на пазіцыях падчас зацішша. Камандуючы вырашыў наведаць іх з праверкай (не ведаю, што ён хацеў там правяраць), але па прыбыцці пачаўся абстрэл, і камандуючы проста заскочыў у свой «Тыгр» і зваліў. Не думаю, што такі камандзір варты зоркі героя […]

Хочаш у адпачынак? Перахочаш!

Паводле словаў вайскоўца, цяпер у брыгадзе вельмі востра стаіць пытанне пра адпачынкі асабовага складу. Сам ён не быў дома аж з моманту прызыву на тэрміновую службу — і нават пасля ранення не атрымаў адпачынку, хоць стаяла пытанне пра паўторную камандзіроўку на СВА.

«У многіх матросаў даўно скончыўся кантракт альбо засталося менш за месяц. Ніякай працы з імі не праводзіцца. Мабілізацыя завяршылася, але ўсе спасылаюцца на адсутнасць указа аб завяршэнні. Таму ўсіх ставяць у становішча: альбо СВА, альбо крымінальная адказнасць.

Так, Пуцін абвясціў аб заканчэнні мабілізацыі. 4-ы і 5-ы пункты ўказа — там ясна напісана: «на час частковай мабілізацыі». Значыць, нам павінныя даць дабро забіраць свае адпачынкі і звальняцца па заканчэнні кантракту. Але камандзіры нам адказваюць, што ўказа аб заканчэнні мабілізацыі не было, а значыць, служыце далей. [ … ] Усё адбываецца так, быццам не было ніякай аб’явы Пуціна і завяршэння мабілізацыі.

Па звальненнях і адпачынках на дадзены момант сітуацыя складваецца такім чынам: па факце ні пра які адпачынак, а ўжо тым больш пра звальненне і гаворкі быць не можа. З пачатку СВА нібыта давалі адпачынак за 2021 год, але праз камандуючага. Потым давалі з умовай, што пасля адпачынку адразу едзеш на СВА. Пішаш рапарт на адпачынак і да яго прыкладваеш рапарт пра згоду паехаць на фронт, гэта было прыкладна ў чэрвені-ліпені. Але нават тут змудрыліся падмануць, у адпачынках адмаўлялі, затое пра рапарт аб згодзе не забыліся і нагадалі пра яго.

Многія, і асабіста я, звярталіся і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і ў ваенную пракуратуру, кіруючыся Федэральным законам ад 28.03.1998 № 53-ФЗ «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» і загадам міністра абароны РФ ад 30.10.2015 № 660. […] Адміністрацыя накіравала звароты ў МА, потым зварот сышоў у акругі, потым у частку, і ў выніку мы атрымалі ў адказ артыкулы статута. Вайсковец абавязаны, павінен і гэтак далей. На правы вайскоўца ўсе неяк рэзка забыліся. А адказу ад ваеннай пракуратуры так і не паступіла. Гэта было да абвяшчэння мабілізацыі.

Потым раптам даюць дабро звольніцца па заканчэнні кантракту. Хтосьці паспеў напісаць рапарты, іх падпісалі, людзі з’ехалі дадому. А мае не паспелі падпісаць, таму што рапарт павінен прайсці кучу кабінетаў, пячатак і падняцца да камандзіра брыгады, які не факт што падпіша. Абвяшчаюць мабілізацыю — і тых, хто паспеў сысці ў адпачынак, выклікаюць на службу з дапамогай тэлефоннага званка, а па прыездзе ўручаюць «дакумент» з подпісам камандзіра брыгады без гербавай пячаткі. Хоць выклікаць з адпачынку можа толькі камандуючы і толькі праз ваенкамат. На дадзены момант мабілізацыя скончылася. Але ўказа няма. І не будзе, як нам паведаміў Савет Федэрацыі. Як тады быць кантрактнікам, у якіх кантракт скончыўся чатыры месяцы таму? Нікога гэта не хвалюе. Указа не было, а значыць, служыце далей, адпраўляйцеся на СВА, тэлеграмаў з флоту/акругі не было.

Людзі прыязджаюць з раненнямі, праходзяць лячэнне, едуць на рэабілітацыю ў санаторый. Але, калі шчыра, нікому не здаўся гэты санаторый. Найлепшая рэабілітацыя — гэта пабыць у сям'і, адчуць запаветную эмоцыю, падумаць «я дома». Асабліва калі ты не быў у адпачынку тры гады, як большасць з майго батальёна. Пашанцавала тым, хто мясцовы, сям’я ў іх тут. А калі ты з Урала? З Сібіры? Ніхто не хоча ехаць зноў у камандзіроўку. Многія спасылаюцца на камандаванне, многія хочуць звольніцца, бо кантракт скончыўся ці застаўся месяц ці два тыдні. Хто паспеў звольніцца, сыходзілі ў іншыя сілавыя структуры (ФСВП, АМАП), у Растэх альбо іншыя вайсковыя часткі. Ёсць таварыш, які страціў вока. Адправіць яго яшчэ раз не адправяць, камісаваць таксама не могуць, катэгорыя В. Затое знайшлі працу ў штабе. Класна. Прычым шмат хлопцаў гадоў па 20, якія за некалькі месяцаў паспелі ўбачыць больш, чым штабныя афіцэры за ўсё жыццё.

Была гутарка. Пытанне відавочнае: хто гатовы з’ехаць на СВА? Вядома ж, усе пагадзіліся, садзіцца ў турму ніхто не хоча. Акрамя тых, у каго былі праблемы са здароўем. […]

Хтосьці скажа, што мы вайскоўцы і павінныя «стойка і мужна пераносіць усе нягоды службы» — супраць гэтага я нічога не маю. Я сапраўды вайсковец, я даваў прысягу і абавязаны выконваць загады. Але акрамя абавязкаў у нас ёсць і правы, якія камандаваннем проста ігнаруюцца. Адпачынак? Не чулі. Звальненне? Няма такога. Я не бачыў сям’ю больш за два гады. Я прасіў толькі адпачынак перад паўторнай адпраўкай на СВА! І чаму я наогул павінен прасіць пра тое, што нам і так усім належыць? З такім стаўленнем служыць тут проста не хочацца.

Тыя, хто паспеў сысці да мабілізацыі, проста сыходзілі «ў аркестр» («аркестрам», або «музыкамі», называюць ПВК, па самай вядомай з іх — ПВК Вагнера — Заўв. рэд.). А што з намі? «Да заканчэння СВА». А калі яна скончыцца? […] Акрамя злосці і трохпавярховага мата, гэтая сітуацыя цяпер нічога не выклікае».