Пад Бахмутам салдаты ваююць па калена ў брудзе — кадры параўноўваюць з бітвай пры Пашэндэйле стогадовай даўніны. Расказваем пра яе
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У сеціве паказалі фота пазіцый УСУ пад Бахмутам, дзе салдаты вымушаныя ваяваць літаральна па калена ў гразі. Такую вайну ўжо параўноўваюць з часамі Першай сусветнай — жахамі бітвы пры Пашэндэйле, калі поле бою таксама ператварылася ў гразевае мора. Расказваем, як гэта было і ў чым заключаюцца паралелі з цяперашнім супрацьстаяннем на ўсходзе Украіны.

Што адбываецца пад Бахмутам і чаму расіяне столькі часу не могуць яго ўзяць

У гэтым артыкуле мы не будзем пераказваць ход баявых дзеянняў на Данбасе — гэта не тэма дадзенага тэксту. Расія імкнецца захапіць гэтыя тэрыторыі, хутчэй за ўсё, не са стратэгічных, а з палітычных меркаванняў: самаабвешчаныя ЛНР і ДНР, з расійскага пункту гледжання, маюць межы, якія супадаюць з межамі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Адпаведна, выцясненне УСУ за межы гэтых адміністрацыйных адзінак для расійскага кіраўніцтва стала прынцыповым пытаннем, для вырашэння якога можна не лічыцца з рэсурсамі.

Сравнение фотографий 1917 года под Пашендейлом и 2022 года под Бахмутом. Фото: twitter.com/walter_report
Параўнанне фатаграфій 1917 года пад Пашэндэйлам (два кадры злева) і 2022 года пад Бахмутам (кадры справа). Калаж: twitter.com/walter_report

З Луганскай вобласцю ў войскаў РФ у цэлым атрымалася — да сярэдзіны лета амаль увесь рэгіён быў пакінуты ўкраінцамі (хоць частка тэрыторый была вернутая падчас контрнаступленняў верасня 2022 года). А вось прымусіць УСУ сысці з Данецкай вобласці ў расіян не выйшла. Баі за Бахмут ідуць са жніўня гэтага года — і іх вынік дагэтуль не вызначаны.

Прычыны гэтага, імаверна, у сярэднім уменні расійскіх войскаў наступаць, а таксама ў магутных умацаваннях, збудаваных тут УСУ яшчэ ў 2014 годзе. Пасля правалу «бліцкрыгу» першых тыдняў уварвання ва Украіну Расія выкарыстоўвае амаль выключна тактыку часоў Першай сусветнай вайны, вядомую як «артылерыя разбурае, пяхота навадняе».

Але рэалізаваць перавагу ў артылерыі расіянам перашкаджаюць удары па складах з боепрыпасамі, а недахоп высокадакладнага ўзбраення і разведдадзеных не дазваляе кропкава выбіваць апорныя пункты УСУ і хутка прасоўвацца наперад. У выніку пазіцыйная вайна ідзе ўжо чатыры месяцы, і Бахмут ніяк не ўдаецца ўзяць. Восеньская бездараж таксама не спрыяе наступленням, але псуе жыццё людзям у акопах — усюды бруд, як і падчас знакамітай бітвы пры Пашэндэйле.

Расказваючы пра гэтую бітву, мы будзем арыентавацца ў асноўным на вядомую кнігу брытанскага ваеннага гісторыка Джона Кігана «Вялікая вайна 1914−1918».

Наступленне «на падводныя лодкі»

Як ні дзіўна, першапрычынай «бітвы ў гразі» стала не жаданне Вялікабрытаніі ўзяць Берлін або вызваліць захопленыя бельгійскія тэрыторыі. Галоўным стымулам наступаць для брытанцаў былі жудасныя страты, якія ім наносілі нямецкія падводныя лодкі.

Кожны год Германія спрабавала выйграць Першую сусветную, выкарыстоўваючы новыя стратэгіі — і кожны год цярпела няўдачы. У 1914 годзе праваліўся план Шліфена (названы па імені начальніка германскага генштаба Альфрэда фон Шліфена) па хуткім разгроме Францыі. У 1915-м, нягледзячы на вялікія поспехі на Усходнім фронце, не ўдалося вывесці Расію з вайны. У 1916-м не была рэалізаваная спроба знішчыць французскую армію ў баях пад Вердэнам.

Чацвёртай стратэгіяй Германіі стала марская — ваеннае кіраўніцтва краіны лічыла, што калі падводнікі нямецкага флоту пачнуць масава тапіць гандлёвыя судны, якія плывуць з грузамі ў Брытанію, то самую моцную краіну Антанты ўдасца літаральна задушыць блакадай — і яна папросіць міру. Адначасова знішчэнне англійскага транспарту з вугалем мусіла пазбавіць паліва саюзнікаў Вялікабрытаніі — Францыю і Італію.

Германская подлодка времен Первой мировой войны. Источник: wikipedia.org
Нямецкая падлодка часоў Першай сусветнай вайны. Крыніца: wikipedia.org

Начальнік штаба нямецкага флоту Хенінг фон Хальцэндорф падлічыў, што на дно трэба было штомесяц адпраўляць караблі саюзнікаў агульным водазмяшчэннем 600 тысяч тон, каб праз некалькі месяцаў дамагчыся ад брытанцаў, што пачалі галадаць, выгаднага для Германіі міру. Практычна адразу ж пасля абвяшчэння неабмежаванай падводнай вайны нямецкія субмарыны здолелі дамагчыся патрэбных аб’ёмаў — у лютым яны патапілі караблі агульным водазмяшчэннем 520 000 тон, у сакавіку — больш за 564 000 і ў красавіку — 860 000 тон з лішнім.

Праўда, варварскае знішчэнне ўсяго, што плавае па моры, аўтаматычна азначала ўступленне ў вайну ЗША з іх наймагутнейшай у свеце эканомікай. Аднак армія Злучаных Штатаў тады была вельмі слабая і па колькасці ледзь пераўзыходзіла войскі маленькай Бельгіі (каля 130 000 чалавек — у дзясяткі разоў менш, чым у вялікіх дзяржаваў Еўропы). Таму немцы небеспадстаўна лічылі, што якім бы магутным ні быў эканамічны патэнцыял Вашынгтона, вялікую армію амерыканцы змогуць сабраць у найлепшым выпадку праз год — за гэты час з вайны меркавалася выбіць Вялікабрытанію, а там хай будзе што будзе.

Брытанцам ад таго, што калісьці ў будучыні іх падтрымае армія амерыканцаў, у 1917 годзе было не лягчэй. З нямецкімі падлодкамі трэба было тэрмінова распраўляцца — але захады, якія яны рабілі, не дапамагалі. Брытанцы спрабавалі мініраваць выхады з іх базаў, мяняць маршруты руху суднаў, патруляваць акваторыю сотнямі аэрапланаў. У выніку страты ўсё ж удалося знізіць, адпраўляючы гандлёвыя судны ў складзе канвояў з ваеннам аховай — але пакуль гэтую ідэю давялі да розуму, на дне ўжо аказалася некалькі мільёнаў тон гандлёвага танажу Вялікабрытаніі і саюзнікаў.

Адной з ідэй брытанцаў па спыненні забойных нападаў нямецкіх субмарын стаў план наступу на сушы — меркавалася магутнымі ўдарамі ад ракі Іпр адкінуць немцаў ад бельгійскага ўзбярэжжа Паўночнага мора і захапіць ваенна-марскія базы ў Бланкенбергу і Остэндэ, адкуль падлодкі выходзілі збіраць сваё страшнае жніво.

Разлічваць у гэтай аперацыі брытанцы маглі толькі на сябе. Саюзнікі знаходзіліся ў глыбокім крызісе — Францыя вясной 1917 года захлынулася крывёю ў беспаспяховым «наступленні Нівеля», і салдаты цэлымі дывізіямі бунтавалі і адмаўляліся ісці на фронт. У Расіі з лютага ішла рэвалюцыя, і яе армія, прагнілая ад сацыялістычнай агітацыі і агульнай стомленасці ад трохгадовай вайны, амаль нічым не магла дапамагчы.

Аднак англійскі камандуючы Дуглас Хейг быў цвёрда ўпэўнены ў перамозе (хоць падобныя наступленні папярэдніх гадоў не прынеслі амаль ніякіх поспехаў і каштавалі Вялікабрытаніі 250 тысяч чалавек толькі забітымі).

Дуглас Хейг. Фото: wikipedia.org
Дуглас Хейг. Фота: wikipedia.org

Пры гэтым яго веру абсалютна не падзяляла палітычнае кіраўніцтва краіны. Прэм’ер-міністр Дэвід Лойд-Джордж не верыў ні ў магчымасць захопу базаў падлодак, ні ў тое, што брытанцам наогул удасца прасунуцца на фронце, не маючы значнай перавагі ў сілах, ні ў тое, што нават поспех аперацыі нешта зменіць у ходзе вайны. Аднак пункт гледжання Хейга ўзяў верх.

Упэўненасці брытанскаму камандуючаму дадаваў поўны поспех падрыхтоўчай аперацыі — так званай Месінскай бітвы, якая мела мэтай захапіць частку нямецкіх пазіцый і палепшыць канфігурацыю фронту перад асноўнай атакай. Пасля пары тыдняў артпадрыхтоўкі немцаў было вырашана літаральна падарваць — брытанскія сапёры папярэдне выкапалі пад пазіцыямі германскіх войскаў дзясяткі тунэляў, напоўнілі іх 600 тонамі выбухоўкі — а потым разам узарвалі ўсё так, што грукат выбухаў, паводле некаторых успамінаў, чулі нават у Англіі.

Воронка на месте уничтоженных немецких траншей после взрыва английской мины. Фото: wikipedia.org
Варонка на месцы знішчаных нямецкіх траншэй пасля выбуху англійскай міны, Першая сусветная вайна. Фота: wikipedia.org

І толькі потым у атаку пайшлі дывізіі Антанты. У нямецкіх траншэях, да якіх ім удалося дайсці, не было нічога жывога — сталёвы дождж і выбухі з-пад зямлі ператварылі акопы ў брацкія магілы. Першы поспех здаваўся поўным, заставалася яго развіць.

Баі ў брудзе

У ліпені 1917-га пачалася ўжо асноўная бітва. На баку немцаў быў рэльеф мясцовасці — іх акопы знаходзіліся на невялікім узвышшы, што дазваляла загадзя заўважаць любыя перамяшчэнні саюзнікаў. Акопы, дзоты, драцяныя загароды і шматлікія кулямётныя пункты не давалі магчымасці ўзяць гэтыя месцы з налёту. У мірны час тутэйшыя землі былі працятыя сістэмай каналаў для арашэння і адводу вады — але тры гады артабстрэлаў ператварылі ўсе дрэнажныя збудаванні ў нішто, што яшчэ адыграе сваю ролю.

Гіганцкае наступленне брытанцаў пачалося 14 ліпеня паводле стандартнай для гэтай арміі схемы: спачатку тысячы гармат два тыдні выкідалі на германскія ўмацаванні чатыры мільёны снарадаў, спрабуючы разбурыць усю нямецкую абарону. Пры ўсёй знішчальнасці такой артпадрыхтоўкі яна пакутавала на няўхільны недахоп — выразна сігналізавала саперніку, дзе будзе наступ, і дазваляла сабраць патрэбныя рэзервы там, куды снарады брытанцаў не даляталі.

31 ліпеня артпадрыхтоўка скончылася — і дзясяткі тысяч брытанскіх салдат (плюс пэўная колькасць французаў, якія захавалі высокі баявы дух) пайшлі ў наступ. Першыя лініі нямецкіх акопаў удалося заняць, аднак контратакі рэзерваў з глыбіні абароны вымусілі салдат спыніцца. І тут пайшоў дождж.

За наступныя дні залева ператварыла зямлю з разбуранай дрэнажнай сістэмай у балота, дзе нельга было нармальна ні хадзіць, ні плаваць. Камандзір адной з англійскіх батарэй успамінаў: «Зямля разварочаная на глыбіню да трох метраў і падобная да аўсянай кашы <…> Сярэдзіна варонак ад снарадаў такая вадкая, што ў ёй можна патануць <…>, напэўна, тут пахаваныя сотні мёртвых немцаў, а цяпер іх жа снарады пераворваюць мясцовасць, пераварочваючы трупы».

Ужо 4 жніўня Дуглас Хейг загадаў спыніць наступ — прасоўвацца наперад было чыста фізічна немагчыма. Аднак вялікія страты і павольнае прасоўванне не спынілі брытанскага камандуючага: спыніўшы атакі на адным участку, ён пачынаў іх на іншым, хоць поле бою канчаткова ператварылася ў вадкі бруд на дзясяткі кіламетраў. Салдат Хейг берагчы не збіраўся. Страты за жнівень 1917 года складалі каля 18 000 забітымі і 50 000 параненымі. Многія лічыліся зніклымі без вестак — англійскі гісторык Джон Кіган адзначае, што пры Пашэндэйле гэта звычайна значыла параненых, якія зваліліся ў напоўненыя вадой варонкі ад снарадаў і патанулі.

Снимки деревни Пашендейл до и после боев. Фото: wikipedia.org
Здымкі вёскі Пашэндэйл да і пасля баёў. Фота: wikipedia.org

У верасні 1917 года Дугласа Хейга выклікалі ў Лондан і спыталі, навошта ён працягвае губіць людзей у балотах Пашэндейла, калі саюзнікі Вялікабрытаніі толкам не могуць ёй дапамагчы — аднак генерал лічыў, што акурат таму брытанцам проста неабходныя поспехі на фронце (перамога магла б стаць матывацыяй для саюзнікаў працягваць барацьбу). Бітва пры Пашэндэйле працягвалася — раз за разам салдаты Хейга канцэнтравалі артылерыю, разбуралі перадавыя траншэі, пасля чаго па калена ў вадзе падымаліся ў атаку, каб паспрабаваць захапіць і ўтрымаць варожыя акопы. Немцы ўводзілі ў бой рэзервы, адбівалі атаку — і ўсё пачыналася спачатку.

Гразевае мора не дало брытанцам рэалізаваць сваю галоўную перавагу перад немцамі — сотні пабудаваных да таго часу танкаў. Сталёвыя гіганты, якія маглі б стаць таранам для прарыву магутнай абароны, проста не маглі быць эфектыўна выкарыстаныя там, дзе нават салдаты праходзілі з цяжкасцю.

Да кастрычніка 1917 года, пасля двух з паловай месяцаў жудаснай бойні ў гразі, аўстралійскія і новазеландскія войскі здолелі замацавацца ў вычышчаных ад немцаў акопах — але развіць поспех не здолелі і былі амаль цалкам знішчаныя кулямётным агнём. У пачатку лістапада брытанцам удалося заняць саму вёску Пашэндейл — дакладней тое, што ад яе засталося пасля жорсткіх баёў — і на гэтым поспехі наступлення вычэрпваліся. Атакаваць брытанцы больш не маглі, і лінія фронту стабілізавалася.

Карта битвы при Пашендейле. Изображение: wikipedia.org
Карта бітвы пры Пашэндэйле. Прасоўванне брытанцаў склала лічаныя кіламетры, аплачаныя дзясяткамі тысяч жыццяў. Суцэльнай цёмна-чырвонай лініяй (злева) пазначаная лінія фронту перад бітвай, суцэльнай ярка-чырвонай — справа) — на момант канца бітвы. Выява: wikipedia.org

Ні пра якае прасоўванне наперад і тым больш захоп базаў падлодак не было і гаворкі: брытанцы проста адштурхнулі немцаў на некалькі кіламетраў і знішчылі дзясяткі тысяч сваіх і чужых салдат. Пасля бітвы пры Пашэндейле ў войска Вялікабрытаніі сталі прызываць каго атрымаецца — людзей з пляскатай ступнёй, скаліёзам, блізарукасцю, занадта пажылых і гэтак далей. «Пры Соме (буйная бітва ў Францыі за год да гэтага. — Заўв. рэд.) Хейг адправіў на бойню красу брытанскай моладзі, а пры Пашэндэйле закінуў тых, хто выжыў, у дрыгву адчаю», — піша Джон Кіган.

Не здолеўшы вырашыць праблему нападаў германскіх падлодак праз захоп іх базаў, брытанцы ўсё ж здолелі пераламаць ход марской кампаніі на сваю карысць — сістэма канвояў сябе апраўдвала, і да вясны 1918 года страты англійскага суднаходства рэзка знізіліся. Да восені 1918 года Першая сусветная была выйграная — але да гэтага часу не відавочна, наблізіла гэтую перамогу бойня пры Пашэндэйле ці яна стала проста бессэнсоўным узаемным знішчэннем.