Расія працягвае наступ на рубяжы Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута, Аўдзееўкі і Данецка. Галоўнае са зводак
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў выніку наступу ў Харкаўскай вобласці захапілі пасёлак Двурэчнае. У Генштабе УСУ паведамілі, што Расія пачала актыўна выкарыстоўваць авіяцыю для нанясення удараў па ўкраінскіх пазіцыях. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны адзначаюць, што расійскія сілы працягваюць наступальныя дзеянні на рубяжы Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута, Аўдзееўкі і Данецка.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 352-і дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: адбілі атакі каля 12 населеных пунктаў

Расійскія войскі працягваюць кануэнтраваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках у раёнах Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Вопытнага, Мар'інкі і Вуглядара. Актыўна выкарыстоўваюць аператыўна-тактычную і ваенную авіяцыю для нанясення ўдараў па пазіцыях украінскіх сіл. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

— За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 52 авіяцыйныя і шэсць ракетных удараў, два з якіх — па цывільнай інфраструктуры горада Краматорск Данецкай вобласці. Таксама праціўнік правёў 63 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці па цывільнай інфраструктуры Данецкай і Херсонскай абласцей.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстрэлам падвергліся раёны 27 населеных пунктаў; на Купянскім і Ліманскім напрамках пад агнявое паражэнне трапілі раёны 10 населеных пунктаў; на Бахмуцкім — 15; на Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках пад танкавыя, мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы трапілі 13 населеных пунктаў; на Запарожскім напрамку агнявому паражэнню падвергліся раёны 14 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку ад агню праціўніка пацярпелі раёны 22 населеных пунктаў.

— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Гранікаўка і Масютаўка Харкаўскай вобласці; Стальмахоўка і Дзіброва — Луганскай і Фёдараўка, Чырвоная Гара, Бахмут, Іванаўскае, Аўдзееўка, Краснагораўка, Параскавіеўка і Прачыстаўка Данецкай вобласці.

— Авіяцыя Сіл абароны нанесла 18 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх сіл і чатыры ўдары па пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў.

— СПА за суткі збіла тры беспілотнікі: паводле папярэдняй інфармацыі, два — тыпу «Арлан-10» і адзін «Арыён».

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі два пункты кіравання, пяць раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, склад боепрыпасаў і пазіцыю СПА праціўніка.

Як заявілі ў Генштабе УСУ, з мэтай папаўнення стратаў у населены пункт Мірнае Запарожскай вобласці прывезлі завербаваных у турмах наймітаў ПВК Вагнера.

Мінабароны РФ: збілі верталёт Мі-8 паветраных сіл Украіны

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што ў раёне населенага пункта Арцёмаўск Данецкай вобласці нанесены ўдар па пункце кіравання 93-й механізаванай брыгады УСУ, а ў Запарожскай вобласці знішчаны склад ракетна-артылерыйскага ўзбраення.

— На Купянскім напрамку ў выніку наступальных дзеянняў падраздзяленняў «Заходняй» групоўкі войскаў цалкам захоплены населены пункт Двурэчнае Харкаўскай вобласці. За суткі авіяцыя і артылерыя нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці, Гранікаўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. Страты УСУ на гэтым напрамку склалі больш за 70 вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, два аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777 і гаўбіца Д-30.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі паражэнне праціўніку ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Чырвонапапопаўка і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Знішчаныя да ста ўкраінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, гаўбіца Д-20, баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град», а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50. У раёне населенага пункта Баравая Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў УСУ.

— На Данецкім напрамку падчас наступальных дзеянняў «Паўднёвай» групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі за суткі знішчаныя да 125 вайскоўцаў УСУ, два танкі, тры баявыя браніраваныя машыны, пяць аўтамабіляў, гаўбіца Д-30 і баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град». Таксама знішчаныя два склады боепрыпасаў і ракетна-артылерыйскага ўзбраення УСУ ў раёнах населеных пунктаў Славянск і Аўдзееўка Данецкай вобласці.

— На Паўднёва-Данецкім напрамку аператыўна-тактычная авіяцыя і артылерыя групоўкі войскаў «Усход» наносілі ўдары па жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Прачыстаўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Страты ўкраінскага боку за суткі на гэтым напрамку склалі звыш 60 вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя машыны пяхоты, чатыры пікапы, тры артылерыйскія сістэмы М777, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-20. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Вуглядар знішчаныя два склады боепрыпасаў УСУ.

— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння жывой сілы і тэхнікі УСУ за суткі знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў, адна гаўбіца «Мста-Б» і дзве гаўбіцы Д-30. Таксама ў раёне населенага пункта Вышатарасаўка Днепрапятроўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 89 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 122-х раёнах. Збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны, 14 рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS, 12 беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: Крэмль імкнецца схаваць факт істотных стратаў ваеннай тэхнікі ва Украіне

Крэмль працягвае прымаць меры па паступовай падрыхтоўцы абаронна-прамысловай базы Расіі да зацяжной вайны з Украінай, гаворыцца ў свежай зводцы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. Уладзімір Пуцін 9 лютага правёў паседжэнне назіральнага савета Агенцтва стратэгічных ініцыятываў і даручыў аказаць падтрымку суб’ектам федэрацыі ў развіцці вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў. Дзмітрый Мядзведзеў у гэты дзень наведаў танкавы завод у Омскай вобласці і заявіў, што Расіі неабходна павялічыць вытворчасць розных узбраенняў, у тым ліку сучасных танкаў, у адказ на заходнюю ваенную дапамогу Украіне.

Нідэрландская група даследчыкаў Oryx паведаміла, што Расія страціла палову сваіх танкаў, адпраўленых ваяваць ва Украіну: 1012 танкаў былі знішчаныя, яшчэ як мінімум 546 — захопленыя ўкраінскімі войскамі.

У ISW адзначаюць, што Расіі неабходна хутка папоўніць гэтыя страты, каб захаваць здольнасць весці буйнамаштабныя механізаваныя манеўраныя баявыя дзеянні напярэдадні імавернага павелічэння тэмпаў наступу. Паўтары тысячы танкаў дастаткова для аснашчэння больш чым 15 танкавых палкоў ці брыгад або каля 150 батальённа-тактычных груп.

Мядзведзеў, імаверна, сфармуляваў свае заклікі да павелічэння вытворчасці як адказ на заходнюю ваенную дапамогу, каб схаваць факт істотных стратаў ваеннай тэхнікі, лічаць эксперты.

Звяртаюць у ISW ўвагу і на заяву Яўгена Прыгожына пра тое, што ПВК спыніла вярбоўку зняволеных у расійскіх калоніях. У Інстытуце лічаць яго ілжывым і мяркуюць, што ПВК Вагнера, хутчэй за ўсё, працягне вярбоўку, хоць і ў значна меншым аб’ёме.

У зводцы Інстытута таксама гаворыцца, што 9 лютага расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на лініі Сватава — Крамянная. Паводле Генштаба Украіны, украінскія войскі адбілі атаку расіян у раёне Стальмахоўкі, за 15 км на захад ад Сватава. Мінабароны Расіі заявіла, што падраздзяленні Цэнтральнай ваеннай акругі дзейнічаюць на Ліманскім напрамку (раён на захад ад Крамянной) і выкарыстоўваюць тэрмабарычныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню ЦАС-1. Эксперты мяркуюць, што выкарыстанне гэтых сістэм сведчыць, што Мінабароны Расіі аддае прыярытэт гэтаму напрамку.

Таксама яны звяртаюць увагу на тое, што ў сацыяльных сетках шырока разышліся кадры ўкраінскага ўдару па расійскай баявой браніраванай машыне БМПТ «Тэрмінатар» прыкладна за 8 км на поўдзень ад Крамянной. Паводле ISW, гэта сведчыць пра тое, што расійскае камандаванне накіроўвае на гэты ўчастак фронту новую тэхніку.

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на рубяжы Сватава — Крамянная;
  • расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі на захадзе Данецкай вобласці і ў раёне Аўдзееўкі — Данецка, а таксама працягнулі наступальныя аперацыі ў раёне Бахмута;
  • расійскія сілы правялі абмежаваную наземную атаку ў Запарожскай вобласці;
  • расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія вайскоўцы інтэгравалі добраахвотніцкае фарміраванне самаабвешчанай ДНР у склад узброеных сіл Расіі;
  • расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія ўлады затрымалі ўкраінскую дыверсійна-разведвальную групу, якая спрабавала забіць расійскіх акупацыйных чыноўнікаў.